Да пасольства Расіі ў Мінску нясуць кветкі

3 апреля 2017

З заўтрашняга дня ў Санкт-Пецярбургу аб’яўлена 3-дзённая жалоба. Разам з расіянамі смуткуюць і беларусы.

Да пасольства Расіі ў Мінску нясуць кветкі, ля сцен запальваюць лампады. Словы спачування ў сувязі з трагедыяй суседзям выяўляюць і звычайныя беларусы, і высокапастаўленыя службовыя асобы.

Надзея Ермакова, намеснік старшыні грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын": "Мне патэлефанавалі пад вечар. І першая думка, нешта не так, так не павінна быць, колькі ж можна з нас здзекавацца. Мы ж мірныя людзі. Менавіта тады, калі мы святкуем з расіянамі Дзень яднання. Мы ідзем з Саюзам жанчын выказаць свае спачуванні да расійскага пасольства".

Вікторыя Менанава, сакратар Цэнтральнага камітэта грамадскага аб'яднання БРСМ, старшыня цэнтральнага савета грамадскага аб'яднання БРПА: "Гора чужога не бывае. Мы тут усе павінны быць разам, разам не толькі ў радасці, але і ў бядзе. І дапамагаць адзін аднаму ў такіх падзеях, у якія сёння акунулася Расійская Федэрацыя. Тэракт у метро быў у 2011 годзе і ў Мінску. Мы памятаем, гэты тэракт забраў жыцці маладых людзей. Мы шчыра верым і спадзяёмся, што такіх падзей не павінна быць у гэтым свеце".

Аксана Волкава, намеснік кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёна Мінска: "Мы знаходзімся ля сцен расійскага пасольства, каб выказаць словы падтрымкі жыхарам Санкт-Пецярбурга і ўсім расіянам у сувязі з трагічнымі падзеямі, якія адбыліся ў метро другой сталіцы Расіі. Мы выяўляем глыбокі смутак з прычыны гібелі родных і блізкіх расіян, а, магчыма, і гасцей другой сталіцы".

У знак смутку ля будынка дыппрадстаўніцтва прыспушчаны дзяржаўны флаг Расіі.