Да 165-годдзя пажарнай службы віцебскія ратавальнікі падрыхтавалі відовішчнае шоу

25 июля 2018

Пажарная служба Беларусі сёння адзначае юбілей. Роўна 165 гадоў таму Мінскае губернскае праўленне і Гарадская дума прынялі рашэнне аб стварэнні пажарнай часці. Сёння МНС Беларусі выконвае ўвесь спектр аварыйна-выратавальных прац. Сваё майстэрства і высокі ўзровень падрыхтоўкі нашы ратавальнікі не раз дэманстравалі на буйных міжнародных вучэннях і гуманітарных місіях. Маштабна знакавую дату адзначылі ратавальнікі Віцебска. Госці і жыхары горада ацанілі выставу пажарных машын. І, вядома, паказальныя выступленні. Самыя яркія моманты - у Марыны Раманоўскай.

Сваё прафесійнае свята ратавальнікі сустрэлі ў вялікай кампаніі жыхароў абласнога цэнтра. Сведкамі відовішчнага шоу сталі сотні чалавек. У Інтэрнэце відэа і фота з маштабнага свята працягваюць набіраць захопленыя каментарыі.

Стартавала свята з парада. У калоне - сучасная і рарытэтная тэхніка. На ходзе нават пажарныя аўтацыстэрны саракавых-пяцідзесятых гадоў. Для антуражу ратавальнікі прымерылі рэтраабмундзіраванне. Галоўныя дзеянні разгарнуліся на пляцоўцы Летняга амфітэатра.

Аўтамабільны дрыфт па пенным возеры, эстафета, ліквідацыя надзвычайнага здарэння. Быць на вышыні пажарнікам прыходзіцца і ў будні, і ў святы. Самая відовішчная частка праграмы - ад авіяцыі МНС з дэсантаваннем ратавальнікаў. Усё гэта ў суправаджэнні спецэфектаў.

Адчуць сябе ратавальнікамі змаглі ўсе ахвочыя. Юныя ўдзельнікі свята фатаграфаваліся ў баявым адзенні. А дарослыя ў гэты час правяралі сваю фізічную падрыхтоўку. Праўда, замест гантэлі прыйшлося паднімаць вогнетушыцелі. У нагрузку - перакатванне пакрышкі і бег з насілкамі.

Вялікае свята ад МНС доўжылася некалькі гадзін. Цікавасць у самых маленькіх выклікала інтэрактыўная пляцоўка "Чароўная кніга МНС". Аб правілах пажарнай бяспекі дзецям распавялі ў гульнявой форме.

Якой была пажарная тэхніка і абсталяванне шмат гадоў таму, жыхары Віцебска змаглі ўбачыць на выставе пад адкрытым небам. А дзякуючы палявой кухні, свята атрымалася не толькі відовішчным, але і смачным.