Цікавасць турыстаў да Беларусі прыкметна ўзрасце ўжо ў найбліжэйшы час

10 января 2017

Міністэрства спорту і турызму мяркуе, што паток замежных гасцей у нашу краіну павялічыцца як мінімум на 20 %. Менавіта так ведамства ацаніла турыстычны эфект рашэння аб адмене віз для грамадзян 80 краін свету. Нагадаем, указ быў падпісаны Прэзідэнтам напярэдадні. Ужо праз месяц замежныя турысты змогуць на працягу 5 дзён знаходзіцца на тэрыторыі нашай краіны без візавых адзнак у пашпарце. Як рыхтуюцца да гэтай меры пагранічнікі і турыстычная сфера - даведвалася Вольга Анішчанка.

Першай у спіс прывілеяваных месцаў для наведванняў замежнымі гасцямі запісалі Белавежскую пушчу. Наведвацца ў нацыянальны парк без віз на некалькі дзён дазволілі амаль два гады таму. Мінулым летам бязвізавы рэжым зацвердзілі для Аўгустоўскага канала і яго наваколляў. Зрэшты, былі і асобныя спробы спрасціць уезд у краіну, напрыклад, на час сусветнага першынства па хакеі ў беларускай сталіцы. Тады, дарэчы, да нас завіталі больш за 30 тысяч балельшчыкаў. І гэта без уліку тых, хто прыбываў у краіну праз Расію. Для параўнання, за год у сярэднім перасякаюць беларускую мяжу толькі крыху больш за 20 тысяч еўрапейцаў.

Зараз жа бязвізавай стала фактычна ўся тэрыторыя рэспублікі.

Прычым, для грамадзян васьмі дзясяткаў краін. Тут хай не ўся Еўропа (39 краін з 50), але ўвесь Еўрасаюз, а таксама найбуйнейшыя дзяржавы ў сваіх рэгіёнах - ЗША, Канада, Бразілія, Інданезія, Японія. І стратэгічныя партнёры, і спакойныя з пункта погляду міграцыйных працэсаў краіны, а таксама тыя дзяржавы, хто са свайго боку адмяніў візы для беларускіх турыстаў, - тлумачаць логіку выбару ў знешнепалітычным ведамстве нашай краіны. Важны нюанс - разлічваць на бязвізавы ўезд могуць толькі тыя іншаземцы, якія прыбываюць у нашу краіну паветраным транспартам - праз нацыянальны аэрапорт Мінск.

Такім чынам, 5 дзён без візавай адзнакі ў пашпарце і неабмежаваная колькасць наведванняў краіны. Прыязджаць у Беларусь на працягу года можна столькі разоў, колькі спатрэбіцца. Галоўнае - захоўваць устаноўлены парадак. Праваахоўнікі звяртаюць увагу: кантроль за іншаземцамі забяспечаць, такія механізмы дэталёва адпрацаваныя. Міграцыйных праблем не будзе. А тых, хто парушыць 5-дзённыя тэрміны знаходжання, пакараюць. Але ўлічаць і форс-мажор: напрыклад, немагчымасць выехаць у выпадку цяжкай хваробы.

Іншаземцу, дарэчы, дазволена без візы не толькі ўязджаць у краіну праз паветраную гавань. Выязджаць прыйдзецца таксама толькі паветраным транспартам. Такія новыя ўмовы. Зразумела, чаканую нагрузку адчуе толькі Нацыянальны аэрапорт. Але тут гатовыя да павелічэння турыстычнай цікавасці.

Прагноз Мінспорта: плюс 20 % да таго патоку падарожнікаў, які назіраецца зараз. Разлік небеспадстаўны. Адмянілі візы для Турцыі - прыраслі турэцкімі турыстамі ў паўтара раза, бязвізавы рэжым з Ізраілем забяспечыў двухразовым прыростам наведванняў. Так што падлікі яшчэ вельмі сціплыя, пераконваюць у профільным міністэрстве.

Турыстычная цікавасць да Беларусі, шчыра кажучы, не зашкальвае. Афіцыйныя звесткі на 2015, паколькі свежых лічбаў мінулага года пакуль няма, гэта крыху больш за 270 тысяч турыстаў. Прычым абсалютная большасць - грамадзяне краін СНД, у першую чаргу Расіі. Яшчэ б, для еўрапейцаў доўгі час візы былі дарагімі: 150 еўра на год. І толькі з гэтага года - 60 еўра. Зараз, калі плаціць для шматлікіх наогул не трэба, цікавасць да краіны вырасце, упэўненыя многія. Асабліва калі добрае распачынанне падтрымаюць удзельнікі турыстычнага рынку краіны.

Рэгулятар рынку са свайго боку гатовы назваць ключавыя меры падтрымкі турыста - паляпшаць якасць абслугоўвання і працаваць над інфраструктурай. Але галоўным прыярытэтам пакуль называюць усё ж сталіцу.

А вось аб далейшых мерах візавай гасціннасці ў Беларусі гавораць асцярожна, не адмаўляючы магчымасць павелічэння пераліку бязвізавых краін або тэрмінаў знаходжання іншаземцаў.