Інспектар па Брэсцкай вобласці Анатоль Маркевіч правёў прыём грамадзян

12 апреля 2019

Добраўпарадкаванне, будаўніцтва, субсідаванне куплі жылля, працаўладкаванне і атрыманне ў спадчыну нерухомасці. Такія пытанні сёння гучалі ад жыхароў Бярозоўскага раёна  падчас прыёму грамадзян. Яго правёў памочнік Прэзідэнта - інспектар па Брэсцкай вобласці Анатоль Маркевіч. Спачатку  адбылася прамая тэлефонная лінія, затым памочнік выслухаў праблемы і прапановы кожнага, хто прыйшоў на прыём.  Так  жыхары райцэнтра па вуліцы Брэсцкай  скардзяцца на інтэнсіўны рух цяжкагрузаў і сельгастэхнікі. Дарога мае жвіровае пакрыццё. Асабліва ў сухое надвор'е  пыл тут стаіць слупом. Вокны не адчыніць, бялізну на вуліцы не пасушыць. Раней  жыхары звярталіся ў Дзяржаўтаінспекцыю з просьбай усталяваць знак абмежавання хуткасці,  але рашэння дагэтуль няма. 

Некаторыя пытанні  вырашылі адразу падчас прыёму. Але большасць  зваротаў  патрабуюць дэталёвага вывучэння. На наступным тыдні  Анатоль Маркевіч правядзе прыём грамадзян у Пінску.