Галоўная падзея адыходзячага тыдня - Дзень Перамогі

15 мая 2016

Галоўная падзея адыходзячага тыдня для кожнага беларуса, безумоўна, Дзень Перамогі. Яго ўжо называюць нашым Днём міру. Гэта агульная падзяка і даніна павагі тым, каму кожны з нас абавязаны жыццём. І за гэта слова "дзякуй" ніколі не будзе шмат. Тых, каму гэта можна сказаць асабіста, на жаль, застаецца ўсё менш. Сёлета герояў Перамогі па традыцыі ўшаноўвалі на плошчы Перамогі. Менавіта яна стала цэнтрам урачыстасцяў.

Аддаць даніну павагі тым, хто прайшоў дарогамі вайны, ушанаваць памяць загінуўшых у баях за Беларусь да мемарыяла і Вечнага агню прыйшло маладое пакаленне беларусаў, нашчадкі салдат 40-х і, вядома, ветэраны. У гэты дзень па традыцыі разам з усімі і Аляксандр Лукашэнка. Вянкі з жывых кветак у Дзень Перамогі - знак асаблівай павагі тым, хто на 71-ю мірную вясну глядзіць з мірнага беларускага неба. "Памяць пра іх подзвіг Беларусь будзе захоўваць вечна, а праўду не дазволіць сказіць нікому". Гэтыя словы беларускага лідара для ветэранаў, мабыць, самае жаданае абяцанне.

Удары метранома ў абсалютнай цішыні - памяць пра кожнага трэцяга загінуўшага. Маўчанне даўжынёй у хвіліну - яшчэ адна падстава асэнсаваць той страшны ўрок гісторыі. І ўсвядоміць, што залпы гармат павінны гучаць выключна святочныя, а маршыраваць па плошчы Перамогі могуць толькі нашы абаронцы Айчыны.

Вядома, гэты дзень асаблівы для ветэранаў вайны. Ад Перамогі да Перамогі яны ваююць з галоўным праціўнікам - часам. Але разам з жывымі сведкамі тых страшных дзён на сваім свяце нябачна прысутнічаюць і тыя, хто не дайшоў да 71-й вясны. На мірную Беларусь яны глядзяць з партрэтаў у руках сваіх унукаў і праўнукаў. Бо памяць несмяротная.

Для беларускіх сем'яў быць у гэты дзень разам - гэта добрая традыцыя. Каб захоўвалася сувязь пакаленняў, не забываліся ўрокі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і гераічныя старонкі мінулага беларускага народа.

Нашы пераможцы. Нашы ветэраны. Героі мінулага, сучаснасці, ім вечная памяць у будучыні. Для іх, галоўных гледачоў, сотні канцэртаў і святочных мерапрыемстваў па ўсёй краіне. Галоўны - на плошчы Перамогі ў Мінску.

І ў іх гонар беларускае неба расфарбаваў салют. Мірныя залпы ў гонар герояў Перамогі і ветэранаў, якім трэба выканаць яшчэ адну місію - сустрэць наступны Дзень Перамогі. І мы ўсім ім гэтага жадаем.