ДАІ папярэджвае: на трасах усё часцей з'яўляюцца ласі, алені і іншыя буйныя лясныя жывёлы

27 сентября 2019

ДАІ гэтымі днямі  раіць аўтааматарам быць асабліва асцярожнымі падчас перамяшчэння за горадам. На трасах усё часцей з'яўляюцца ласі, алені і іншыя буйныя лясныя жывёлы. Іх актыўнасць звязана з пачаткам шлюбнага сезона. Сёлета на  дарогах  Мінскага раёна з габарытнымі жывёламі сутыкнуліся больш за 20 аўтамабіляў. Як пазбегнуць небяспечнай сустрэчы -  разбіраўся Ілья Цвяткоў.

Гэтымі днямі Яўген Падымака за рулём максімальна асцярожны. За горад выязджае з асцярогай. Прычына таму - ласі. За апошні месяц на трасе звяроў сустракаў двойчы. І абодва разы  ў цемры.

Ласі і іншыя дзікія жывёлы становяцца прычынай сур'ёзных ДТЗ.
Такімі відэазапісамі з аўтарэгістратараў  апошнім часам сацсеткі літаральна стракацяць. Буйныя і рагатыя насельнікі лясоў усё часцей з'яўляюцца на магістралях. Адбываецца гэта, як правіла, раптам. І на рэакцыю ў вадзіцеляў часу практычна не застаецца.
Ласі і іншыя дзікія жывёлы становяцца прычынай сур'ёзных ДТЗ. За гэты год на дарогах толькі Мінскага раёна з імі не размінуліся 23 аўтамабілі.
Вадзіцелю і пасажырам рэдка калі ўдаецца пазбегнуць траўм. Аўтамабілі таксама атрымліваюць значныя пашкоджанні. 
На асабліва ажыўленых участках усталяваныя спецыяльныя агароджы. 
Навукоўцы тлумачаць актыўнасць жывёл проста: восенню ў  іх  шлюбны перыяд. Ідзе актыўная міграцыя.
На асабліва ажыўленых участках, дзе дарога праходзіць праз буйныя лясныя масівы, усталяваныя спецыяльныя агароджы. Некаторыя з іх  даўжынёй  некалькі дзясяткаў кіламетраў. Па словах спецыялістаў лясгасаў, часцей за ўсё сеткі спыняюць жывёл, але так бывае не заўсёды. 
Вышыня такіх агароджаў у сярэднім каля двух з паловай метраў. Зроблены яны з трывалага металапрофілю. Але нават такая вышыня для жывёл бывае  не перашкода. Звяры без праблем заскокваюць на сетку зверху,  траўміруючы сябе. А потым аказваюцца прама на дарозе.
Трасы падзяляюць натуральную тэрыторыю пасялення жывёл. Менавіта таму яны і аказваюцца на праезнай частцы. Спецыялісты па ахове прыроды сцвярджаюць: вырашэнне праблемы ў тунэлях. Яны, дарэчы, ужо з'явіліся на трасах М6 і М14. Але іх колькасць трэба павялічваць.
Калі заўважылі маленькі чырвоны або зялёны агеньчык - лепш прытармазіць. 
Пакуль ДАІ рэкамендуе аўтааматарам перамяшчацца за горадам з асцярожнасцю. Асабліва  ў цемры. Калі заўважылі маленькі чырвоны або зялёны агеньчык, лепш прытармазіць: магчыма, гэта жывёліна. 
У Мінскай вобласці часцей за ўсё лясных насельнікаў можна сустрэць у Барысаўскім, Лагойскім, Бярэзінскім і Стаўбцоўскім раёнах - менавіта паміж гэтымі тэрыторыямі жывёлы, як правіла, і мігрыруюць. Калі сутыкнення пазбегнуць не ўдалося,  у першую чаргу неабходна звязацца з супрацоўнікамі ДАІ.