Франтавы Новы год

30 декабря 2016

Сёння пра Вялікую Айчынную, падаецца, мы ведаем вельмі шмат. Грыф "сакрэтна" зняты з многіх дакументаў. Але і зараз нявывучанымі застаюцца асобныя сюжэты той вайны. У прыватнасці, амаль невядома пра святкаванне Новага года ў партызанскіх атрадах. Гэтай тэмай даследчыкі сталі займацца ўсяго некалькі гадоў таму. Гістарычная праўда пра тое, як нашы прадзеды адзначалі Новы год на перадавой,  - у рэпартажы Алены Борматавай.

Падарунак Новаму году ад Дзеда Мароза - сімвалічная шкатулка з пазначанымі на карце вызваленымі гарадамі. Загалоўны малюнак насценнай газеты партызанскай брыгады імя Калініна, што дзейнічала на Міншчыне. Перадавіца пачатку 44-га. Стваралі ў зямлянках на кавалках любой паперы – і абрыўках шпалер, і трафейных картах.

Лепшым падарункам партызан на свята Новага года былі спланаваныя баявыя аперацыі. Разгром нямецкага гарнізона ці падрыў цягніка. А дзеці чакалі партызанскага Дзеда Мароза з трафейнымі падарункамі. Атрыбутам свята і на франтах, і ў партызанскіх атрадах заставалася ёлка. Толькі ўпрыгожвалі яе пагонамі, бінтамі, ватай, кардонам і нават стрэлянымі гільзамі. Многія звыклыя рэчы перараблялі ў навагоднія цацкі, так, хімічная колба станавілася зоркай на ёлцы, лямпачкі без цокаля – шарамі. Нават на паштоўках таго часу Дзед Мароз часта пераўтвараўся ў барадатага партызана.

Першы ваенны Новы год сустракалі ў разгар маскоўскай бітвы, калі вораг знаходзіўся ўсяго за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад савецкай сталіцы. Тым не менш, у самім горадзе друкавалі і выпускалі серыю навагодніх паштовак. Віншаванні ад родных атрымлівалі на розных франтах, у партызанскіх атрадах і ў шпіталях.

Літаральна некалькі дзён таму фонды Музея гісторыі Вялікай Айчыннай папоўніліся паштоўкамі перыяду 1942 і 1943 гадоў. Ваеннага следчага Кулікова з Новым годам віншавалі яго дзеці. Жадалі біць немцаў і вяртацца дадому. Жывым. Традыцыя адзначаць Новы год у ваенныя 40-я, як ні дзіўна, не спынялася.

Святлана Патупчык, галоўны захавальнік фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: "Шмат гадоў таму назад пра святы і вайну не гаварылі зусім. І нават тое, што было ў нашых калекцыях, яно, скажам так, не вывучалася з гэтага пункта погляду. Цікавіў нас, напрыклад, партызанскі друк, але з пункта погляду баявой дзейнасці, але не з пункта погляду свят".

І ў гады вайны перад боем курантаў людзі слухалі навагоднюю прамову Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Калініна. Вядома ж, зводкі Савінфармбюро. У тыле ворага, нягледзячы на цяжкія ўмовы: недахоп прадуктаў харчавання, разруху, – людзі адзначалі свята. У першую чаргу для дзяцей.  А за святочным сталом, дзе часта быў толькі кавалак хлеба, людзі прасілі аднаго – Перамогі.