Флэшмоб дзеля дзіцячай пляцоўкі

27 сентября 2017

Свой крэатыўны падыход праявілі мінчане, каб у іх дварах з'явілася новае спартыўна-гульнявое абсталяванне. У конкурсе ўдзельнічалі больш за паўтысячы каманд. Мінчане стваралі фотакалажы, пісалі вершы і здымалі відэа.

Якімі творчымі сіламі, на якіх вуліцах з'явяцца новыя арэлі, горкі і каруселі, ведае Юлія Токар. Гэта кадры флэшмоба, які падтрымалі 70 чалавек! Жыхары мікрараёна Вяснянка, людзі розных прафесій, на адзін дзень пераўвасобіліся ў рэжысёраў, аператараў, сцэнарыстаў. У промароліку выконвалі песні ўласнага напісання, танцавалі брэйк-данс і малявалі постары.

Арыгінальным чынам прэзентавалі сябе і свой двор, каб у ім з'явілася дзіцячая пляцоўка. Менавіта для новага спартыўна-гульнявога абсталявання мінчане здымалі відэа, дасылалі фотакалажы і складалі вершы. У крэатыўным конкурсе ахвотна прынялі ўдзел паўтысячы каманд. Адмысловую ініцыятыву адной сталічнай кампаніі горад адразу падтрымаў.

На арганізацыю флэшмоба для сваёй каманды Сняжану Трухановіч натхніў маленькі сын. Спачатку ўручную расклейвала аб'явы, пасля ў віртуальнай сетцы адгукнуліся аднадумцы і ўнутраны дворык ператварыўся ў рэальную кіназдымачную пляцоўку.

Арганізатары вызначылі самыя арыгінальныя заяўкі. У выніку праекта – 10 пераможцаў. Менавіта столькі вось такіх шматфункцыянальных пляцовак з'явіцца ў дварах горада.

Тут ёсць і арэлі, і спартыўныя перашкоды з канатам, гімнастычныя кольцы, горкі - усе самыя неабходныя элементы. Прычым, для дзяцей рознага ўзросту.

Праект стартаваў з гарадскіх паркаў – у 10 скверах ужо размешчана новае абсталяванне. У дварах, якія трапілі ў топ-10, гульнявыя пляцоўкі з'явяцца да канца кастрычніка. І гэта той прыклад, калі адна ідэя аб'ядноўвае сотні людзей. Тады і дзіцячыя мары становяцца рэальнасцю.