Эстафету цыклонаў над Беларуссю сёння падхапіла "Эма"

16 января 2016

Снег пачаў сыпаць з ночы. Найбольшая колькасць ападкаў выпала ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. У Мінску снегапад пачаўся пасля 4-х гадзін раніцы, і на гэты момант вышыня снежнага покрыва павялічылася ўжо на некалькі сантыметраў. Нацыянальны аэрапорт Мінск працуе ў штатным рэжыме. Паводле прагнозаў сіноптыкаў, непагадзь прадоўжыцца. МНС вынесла забарону некаторым гандлёвым цэнтрам у Мінскай вобласці з-за небяспечнай эксплуатацыі дахаў. Усе апошнія падрабязнасці з мінскіх вуліц у Аляксандра Савенкі.

Складанай сітуацыю ў горадзе назваць цяжка. Снегапад, які пачаўся яшчэ ўначы і працягваецца дагэтуль, больш падобны на размінку. Вышыня снежнага покрыва за апошнія некалькі гадзін павялічылася прыкладна на 5 сантыметраў. Але гэтага дастаткова, каб быць асцярожным. На дарогах з самай раніцы галалёдзіца і снежныя намеці. Сіноптыкі не абнадзейваюць - снег з завеяй будуць выпрабоўваць аўтамабілістаў і ў найбліжэйшыя гадзіны. Інспектары ДАІ ў многіх рэгіёнах, у тым ліку і ў сталіцы, пераведзеныя на ўзмоцнены варыянт службы.

На гэты момант у сталічнай вобласці аформленыя каля 100 ДТЗ. Без пацярпелых. Убіраюць снег і пасыпаюць дарогі супрацьгалалёднай сумессю больш за 400 адзінак дарожнай тэхнікі. Яе колькасць пастаянна павялічваецца. Найбольш шчыльны снегапад ідзе з поўдня - гэта Любанскі, Салігорскі і Старадарожскі раёны.

Паводле інфармацыі МНС, за мінулую ноч і раніцу сур'ёзных здарэнняў, звязаных з непагаддзю, не было. Вядома толькі пра аварыйныя адключэнні электраэнергіі ў 22-х населеных пунктах Дзятлаўскага, Слонімскага і Свіслацкага раёнаў. Падачу электрычнасці аднавілі аператыўна. Мяркуючы па ўсім, цыклон у Мінску пакуль не набраў поўную сілу. Аднак, перакананыя сіноптыкі, самае складанае яшчэ наперадзе. Па абедзе чакаюцца снегапад і моцны вецер. Такое ж небяспечнае надвор'е будзе ў многіх раёнах краіны.

Цыклон "Эма" пакуль для нас непрадказальны. Узровень аранжавай небяспекі ўведзены на найбліжэйшыя суткі. Аднак расслабляцца не варта. Як паведамляюць сіноптыкі, у найблізкі час вышыня снежнага покрыва можа павялічыцца яшчэ на 15 сантыметраў, таму спецыялісты заклікаюць не ігнараваць іх парады і быць асцярожнымі.