"Феерыя танца": Міжнародны харэаграфічны конкурс праходзіць у Мінску

29 октября 2021

У Мінску - "Феерыя танца". Міжнародны харэаграфічны конкурс гэтымі днямі праходзіць на сцэне Палаца прафсаюзаў. Больш за тысячу ўдзельнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі прымаюць удзел у танцавальных спаборніцтвах. Разам з журы за выступленнямі назірала Ларыса Гулякевіч.

Першы конкурсны дзень. Прафесійнае журы з Расіі, Грузіі і Беларусі ацэньвае творчасць як маленькіх выканаўцаў ад 5 да 7 гадоў, так і ўжо вопытных маладых артыстаў у катэгорыі "профі".

Фуэтэ батман, жэтэ, сучасны мадэрн. Гэтыя юныя канкурсанты здольныя зрабіць самыя складаныя балетныя па. Сёлета яны спаборнічаюць за Гран-пры ў VII Міжнародным харэаграфічным конкурсе "Феерыя танца".

Усяго 18 харэаграфічных намінацый. Сярод іх класічная харэаграфія, эстрадная, народная, сучасная і дзіцячы танец. Прадэманстраваны як сольныя нумары, так і дуэты. У другі дзень "Феерыі" - вялікія танцавальныя калектывы па тых жа намінацыях.

Сёлета атрымалася беларуска-расійская каманда. Больш за тысячу вучняў і педагогаў прыехалі ў Мінск з розных рэгіёнаў нашай краіны, а таксама харэаграфічныя калектывы з Масквы, Саратава, Новасібірска, Ніжняга Ноўгарада.

Конкурс для такіх маленькіх артыстаў - перш за ўсё вопыт выступлення на сцэне. Для дарослых гэта і магчымасць параўнаць сябе з канкурэнтамі іншых краін.

Сярод прызоў, спецыяльных прэмій, падарункавых сертыфікатаў, якія чакаюць пераможцаў у розных намінацыях, - чамадан з малюнкам балерыны, распісаны ўручную. Ёсць у харэаграфічнага конкурсу і свой талісман - бабёр Феерый. Яго зрабілі дзеці з харэаграфічнага калектыву з Асіповіч. Зараз ён штогод суправаджае конкурс і прыносіць поспех як арганізатарам, так і канкурсантам.

Для прафесіяналаў і аматараў яго вялікасці танца ў суботу тут пройдуць майстар-класы ад прадстаўнікоў журы, вядучых харэографаў-практыкаў: Алісы Панчанкі з Піцера, Святланы Гуткоўскай з Беларусі і Маі Зурашвілі з Грузіі. А вечарам гала-паказ з пераможцамі "Феерыі танца".