Ежа на колах, грузінскі фастфуд і беларуская бабка – з дастаўкай на дом

12 июля 2016

У Мінску актыўна развіваецца мода на хуткую, але карысную кухню. Абеды з дастаўкай або на вынас сёння пераходзяць на новы ўзровень якасці і смаку. Гэтага патрабуюць жыхары мегаполіса - людзі з хуткім тэмпам жыцця і высокімі гастранамічнымі стандартамі. Надзея Сербіненка – пра самыя цікавыя прыклады гарадской кухні.

Лонданскі даблдэкер - адна з вулічных славутасцяў Першамайскага раёна. Стрытфуд на колах - так называе сваё кафэ Мечыслаў Секановіч. Ён прапаноўвае наведвальнікам хуткую, але якасную і смачную ежу: тарцільі, запяканкі, кебабы з мясам са свежай гароднінай.

Можна выбраць нават кухню іншай краіны. Так, у Мінску нядаўна з'явілася першая дастаўка грузінскай ежы.

Пакаштаваць Грузію можна не толькі ў рэстаране. Хачапуры, хінкалі ці шашлык прывязуць у офіс ці на дом акурат да вячэры. Напрыклад, карэ з бараніны гатуюць у такой традыцыйнай грузінскай печы - макхалі.

Юрый Куст вось ужо два гады знаёміць жыхароў беларускай сталіцы з аўтэнтычнай грузінскай ежай. Пачынаў з дастаўкі рэстаранных страў, зараз развівае новы напрамак - грузінскі фастфуд. Хачапуры, харчо, чахахбілі, сацыві і лобіа – традыцыйныя стравы рэстаратар імкнецца зрабіць яшчэ больш даступнымі.

Больш сучаснай становіцца і традыцыйная беларуская кухня. Рэцэпт бульбяной бабкі для Аляксандра Журкевіча стаў натхненнем для стварэння гастранамічнага стартапа. У выніку нарадзілася ідэя дастаўкі гарачага абеду ў нацыянальным стылі. У якасці бонуса заказчыку застаецца сувенір - керамічны збанок.

Моду на даступную і ў той жа час не шкодную для здароўя ежу мінскія кухары падхапілі не так даўно. Сёння да пачастункаў на колах, абедаў з дастаўкай на дом або на вынас жорсткія патрабаванні. Гэтага патрабуюць самі жыхары мегаполіса - людзі з хуткім тэмпам жыцця і высокімі гастранамічнымі стандартамі.