Душэўна, шчыра і казачна - такой цырымонія закрыцця застанецца ў памяці беларусаў і гасцей

1 июля 2019

Гэта наша гісторыя, якую не перапішаш, але ў нашых сілах вывучыць урокі мінулага і захаваць памяць пра тых, дзякуючы каму мы жывём у незалежнай краіне і ўжо мірнымі перамогамі можам гучна заяўляць пра сябе на ўсю планету. Напярэдадні ў Мінску адгрымела цырымонія закрыцця II Еўрапейскіх гульняў. Стадыён "Дынама" на некалькі гадзін стаў, мабыць, самым  яркім пунктам у Еўропе. Дзясяткі тысяч гледачоў на трыбунах, высокія госці -  усё гэта ўжо частка гісторыі суверэннай Беларусі. Наперадзе ўсё па-спартыўнаму: новыя задачы, новыя выклікі  і, вядома, перамогі. Але Лесіка, які стаў ужо такім родным,  і нашу нацыянальную папараць-кветку мы запомнім. Аб тым, як гэта было, Аляксей Волкаў.

Душэўнай, шчырай і па-казачнаму добрай - такой цырымонія закрыцця застанецца ў памяці беларусаў і гасцей. Асобная ўвага  зубру, які пакарыў усіх яшчэ на адкрыцці. Настолькі шчыра і дакладна раскрыць душу Беларусі мог толькі яе галоўны сімвал. 

Трансляцыя на 140 краін свету. Кожны нумар філігранна адточаны, тэлеглядач  капрызны і нават дробязі не прабачыць, не гаворачы пра гасцей на трыбунах.

Магутна, гучна і неверагодна яскрава. II  Еўрапейскія гульні - мара, якая ўжо стала для Беларусі гісторыяй. Хіба можна было гадоў 15 таму ўявіць, што Мінск прыме такое маштабнае мерапрыемства? Прычым, гэта не проста выклік спартыўны, але і палітычны імідж дзяржавы, бо на цырымонію закрыцця прыехала нямала важных гасцей. Падобна, што ў гэтай дысцыпліне - дыпламатыі - Беларусь таксама паказвае годныя вынікі. 

Усе спартыўныя спаборніцтвы ў Мінску праходзілі па прынцыпе fair play - сумленнай барацьбы, без падману. І ў гэтым плане лёгка можна правесці паралель з палітыкай Беларусі на міжнароднай арэне - празрыста, па справе і без ценявых дамоўленасцяў. І першыя два месцы ў заліку - Расія і Беларусь - блізкія як на полі, так і ў палітыцы. 

Дарэчы, цырымонію наведаў і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Беларусь заўсёды рада гасцям не толькі падчас буйных форумаў.

Тэлекамеры яшчэ не раз акцэнтуюць увагу: на трыбунах лідары Расіі, Арменіі, Таджыкістана. Азіяцкая рэспубліка ўдзелу не прымала, але сачыла  з цікавасцю. Тым часам на сцэне  сімбіёз лепшага, што вызначае нас, беларусаў,  - гісторыя, якая  пераходзіць у сучаснасць, ад "Касіў Ясь канюшыну" да горада тысячы галасоў. І "Нам з табою было супер" - неўміручы хіт ад "Лепрыконсаў", які дае больш чым дакладную характарыстыку летняму раману Мінска і II Еўрапейскіх гульняў. 

69 узнагарод у скарбонцы, тысячы гасцей, гаркаваты, але  і салодкі ўспамін. Лесік сыходзіць, пакідаючы нам цэлы альбом яркіх уражанняў. 

Галоўная фішка цырымоніі закрыцця - экран у выглядзе алмаза. Ён жа Нацыянальная бібліятэка. Як непарушныя і моцныя нават скрозь гады веды, так і нашы гульні - тое, што застанецца ў памяці і  адыграе вялікую ролю ў будучыні. Усе ўбачылі, што Мінск  не баіцца і можа быць цэнтрам найбуйнейшых падзей,  ці то палітыка, культура або спорт. А лепшай рэкламы для міжнароднай супольнасці  і не прыдумаеш. 




Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя