Дарожныя службы Мінска павялічваюць тэрмін службы транспартных артэрый

10 июня 2016

Для гэтага выкарыстоўваюць спецыяльную тэхніку, якая наносіць ахоўны слой на дарожнае палатно. Зараз адна з такіх машын праходзіць апошнія іспыты на вуліцах сталіцы.

Усяго за дваццаць хвілін яна аднаўляе асфальт на плошчы паўтары тысячы квадратаў. Пра перавагі новай тэхналогіі раскажа Аляксандр Харавец.

Аб рамонце дарог Сяргей Чэрнік ведае бадай што ўсё. На працягу адзінаццаці гадоў аднаўляў гарадскія артэрыі. Два тыдні таму асвоіў яшчэ адну методыку – яна дазваляе прадоўжыць жыццё асфальту мінімум на 5 гадоў. А кіраваць новай тэхнікай, па словах аператара, нават прасцей, чым трактарам.

Кіруюць машынай усяго два чалавекі - вадзіцель грузавіка і непасрэдна аператар, які сочыць за якасцю выхаду спецыяльнай сумесі.

Таўшчыня ахоўнага слою прыкладна паўтара сантыметра. Укладваюць яго на хуткасці 5 кіламетраў за гадзіну. А літаральна праз дзве гадзіны рух на адрамантаваным участку адкрываюць зноў.

Тэхналогія мінімум у пяць разоў таннейшая, чым поўная замена асфальту, і дазваляе адтэрмінаваць рамонт дарогі прыкладна на пяць гадоў.

Запраўкі адной машыны хапае, каб пакрыць дарожнае палатно на плошчы паўтары тысячы квадратаў. Работы павінны выконвацца пры сонечным надвор'і і тэмпературы вышэй за 10 градусаў цяпла. Укладваюць сумесь на роўную паверхню.

Новае пакрыццё не толькі падаўжае тэрмін службы асфальту, але і зніжае узровень шуму ад транспарту, а таксама павышае каэфіцыент счаплення колаў з дарожным пакрыццём. Работы па аднаўленні аўтаартэрый сталіцы дарожнікі будуць весці да канца верасня. За гэты час плануюць аднавіць палатно на плошчы паўмільёна квадратаў.