Дзень ведаў адзначаюць у Мінскай вобласці

1 сентября 2020
Дзень тысяч дзіцячых усмешак, яркіх букетаў і планаў на будучыню! Сёння пачатак новага навучальнага года. У школах і гімназіях цэнтральнага рэгіёна за парты селі амаль 157 тысяч вучняў. Упершыню свае дзверы адчыніла школа ў вёсцы Копішча Мінскага раёна. Яшчэ адна новабудоўля з'явілася ў сталіцы. 

Усе яркія моманты Дня ведаў сабралі нашы карэспандэнты.

У кожнай гарадской ці вясковай школе Беларусі, незалежна ад рэгіёна, сёння гучыць: "Я вырас тут, і край мне гэты дарагі". Тэма першага ўрока сёлета блізкая і зразумелая ўсім. 

Бараўлянская сярэдняя школа № 3 адна з самых маладых і адначасова вялікіх у Мінскай вобласці. Яна працуе трэці год. Сёння ўпершыню за парты тут селі 217 хлопчыкаў і дзяўчынак, а гэта восем першых класаў. Для іх  такі запамінальны першы званок. 

Першы ўрок для юных жыхароў Мінскага раёна, і адразу важныя падарункі да Дня ведаў. Першакласнікі з цікавасцю пачалі гартаць кнігу пра Беларусь. У Бараўлянскай школе ёсць магчымасць і інклюзіўнай адукацыі. А яшчэ тут нямала праектаў, як, напрыклад, "Тата-зала" або "Інжынерная школа". 

Госці  адразу заўважылі - такая ж, як у Бараўлянах, сярэдняя школа год таму адкрылася ў Барысаве. Праект тыпавы, які ўдасканальваецца. 

Ігар Петрышэнка, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Мы  паглядзелі, як абсталяваны лінгафонныя кабінеты і як новыя перадавыя  тэхналогіі выкарыстоўваюцца для вывучэння фізікі і хіміі. Мы сёлета плануем здаць 25 дзіцячых садкоў, гэта таксама важнае дашкольнае выхаванне для дзяцей”. 

Сардэчна запрашаем у нашу ракету, узлятаем насустрэч ведам! 1820 вучняў новай школы ў вёсцы Копішча Мінскага раёна сустракаюць на фасадзе новабудоўлі касманаўта  Юрыя Гагарына ў кампаніі з вучонымі-першапраходцамі. Нестандартны будынак называюць школай будучыні. 

Тут усё нетыповае - яркія інтэр'еры, рэлакс-зоны на даху, навуковыя экспанаты, вялікі басейн. Каб падлічыць навічкоў,  спатрэбіцца амаль палова алфавіту, бо тут 15 першых класаў! Для іх навучання выкладчыкі прыехалі на працу ў Копішча з усёй краіны. 

Нямала магчымасцей для заняткаў спортам, творчасцю і навукай будзе і ў юных мінчан, якія сёння селі за парты.