Дзень нараджэння адзначаюць тыграняты

29 октября 2014

Сёння свой першы дзень нараджэння адзначаюць тыграняты Зара і Вара. Для сваіх гадаванцаў сталічны заапарк падрыхтаваў сюрпрыз, згодны з іх гастранамічнымі прыхільнасцямі. Падарункі тыграняты атрымліваюць і ад самых маленькіх наведвальнікаў. Падчас свята ўдзельнікаў чакала цікавая забаўная праграма: гульні, віктарыны і конкурсы.


Юлія Токар - больш падрабязна.


Для віншавання гадавалых тыгранятаў дзеці падрыхтавалі святочныя паштоўкі. Зару і Вару сёння чакае і сапраўдны торт. Таму свой першы дзень нараджэння запомніцца ім надоўга.


Бенгальскія тыграняты з Тбілісі прыехалі паўгода таму. І ў Мінскім заапарку адчуваюць сябе камфортна. Зара і Вара паспелі пасябраваць і з ягуарам, які таксама з грузінскага заасада. Але ж, як сапраўдныя драпежнікі, аддаюць перавагу адзіноце і актыўнаму ладу жыцця.


І нават на дзень нараджэння сваім гастранамічным прыхільнасцям не здрадзілі. Таму ў святочным торце замест крэму і бісквіту - свежае мяса і рыба.


У прыродзе бенгальскія тыгры звычайна рыжага колеру ў чорныя палоскі. Але ж нашы імянінніцы, нягледзячы на белы колер і блакітныя вочы, не альбіносы. Такі від спецыяльна выводзяць у заапарках. Дарэчы, незвычайная афарбоўка драпежніц толькі здзіўляе ўсіх наведвальнікаў, асабліва маленькіх гасцей…


Для дзяцей падчас свята ладзілася забаўная праграма. Гульні, пазнавальныя віктарыны і нават паэтычная паляна. Дзе хлопчыкі і дзяўчынкі рыхтавалі віншавальныя паштоўкі.


Усе госці свята маглі прысутнічаць і на паказальным кармленні, а таксама атрымаць кансультацыі ад навуковых супрацоўнікаў і сфатаграфавацца на памяць.