Дзень нараджэння адзначае Полацк

28 мая 2016

Гісторыя старажытнага горада налічвае 1154 года. Полацк - сталіца першай беларускай дзяржавы, старажытны духоўны і культурны цэнтр. Таму дні нараджэння, незалежна ад таго, круглая дата або не, заўсёды адзначаюць з размахам. Сёння тут ушаноўвалі выбітных палачан і лепшыя працоўныя калектывы. Са сцэны гучалі віншаванні ад гарадоў-пабрацімаў. У Полацка іх 30. Вуліцы ператварыліся ў пешаходныя, у парках і скверах чыталі вершы пра горад, рамеснікі давалі майстар-класы. Адзін дзень у старажытным і адначасова маладым горадзе правяла Вольга Маслоўская.

У Полацку шматлюдна. Горад адзначае дзень нараджэння. Але і ў будні яго не мінаюць турысты. Прыязджаюць, каб на свае вочы пабачыць велічны Сафійскі сабор, пакланіцца прападобнай Ефрасінні і загадаць жаданне ля Барысава каменя.

Вось тут пачынаўся старажытны Полацк. На правым беразе Палаты да нашых дзён захаваліся абрысы Рагвалодава гарадзішча. Лічыцца, што горад узнік у IX стагоддзі. Але археалагічныя знаходкі апошніх гадоў пераконваюць: людзі сяліліся і жылі тут задоўга да афіцыйнай даты заснавання Полацка.

Навукоўцы ўпэўнены: да ўзросту 1154 гады трэба дадаць яшчэ некалькі тысячагоддзяў.

Пажадаць поспехаў самаму старажытнаму беларускаму гораду прыехалі сябры з гарадоў-пабрацімаў. У Полацка іх 29 з 12 краін свету. Сёння да іх далучыўся Заходнядзвінскі раён Цвярской вобласці. Дагавор аб пабрацімскіх сувязях падпісалі кіраўнікі двух рэгіёнаў.

Цікавыя і карысныя ідэі палачане ператвараюць у жыццё. Сумесна з партнёрамі з ЕС тут будуюць зялёную эканоміку. Ліхтары на 16 полацкіх вуліцах замянілі эканамічнымі святлодыёдамі, зараз абмяркоўваюць будаўніцтва веладарожак. Самых ініцыятыўных палачан, лепшых кіраўнікоў і працаўнікоў сёння ўшаноўвалі на святочнай сцэне. Традыцыйна ў Дзень горада прысвойваюць званне “Ганаровы грамадзянін Полацка”.

Святочны настрой – у кожным парку і скверы. Кірмаш, майстар-класы ад вядомых рамеснікаў, паэтычны турнір. Літаратары і простыя прыхільнікі слова дэкламуюць вершы пра любімы Полацк. Месца сустрэчы невыпадковае – ля адзінага ў Беларусі помніка літары “Ў".

Часу, каб уразіцца і ў словах адлюстраваць пачуцці, яшчэ шмат. У святочным рытме Полацк будзе жыць цэлы тыдзень.