Дзень памяці і смутку. У мітынгу-рэквіеме ў Брэсцкай крэпасці ўзяў удзел Прэзідэнт

22 июня 2020
Некалькі гадзін таму ў мемарыяльным комплексе прайшоў мітынг-рэквіем. Сённяшняй раніцай у памятным мерапрыемстве прыняў удзел Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. 

Падрабязнасці ў Веранікі Буты.

79 гадоў таму пачалася Вялікая Айчынная вайна 

Самы доўгі дзень у годзе і самы трагічны ў нашай гісторыі. Тут 79 гадоў таму пачалася вайна - самая разбуральная. 22 чэрвеня 1941 год. 4 гадзіны раніцы - гэтыя лічбы крывёй упісаныя ў нашу гісторыю.

Сёлета без масавасці - пандэмія ўнесла свае карэкцівы. Але ўсё ж абавязкова з выкананнем законаў гістарычнай памяці і доўгу. Мітынг-рэквіем. У такім фармаце сёння ўспаміналі тых, хто гераічна аддаў жыццё за Радзіму.

У першых радах - тыя, хто ніколі не зможа сцерці з сваёй памяці тыя кровапралітныя эпізоды 40-х. Тут і тыя, хто пасля сваімі рукамі з руін аднаўляў нашу краіну. На плошчы Цырыманіялаў сабраліся і тыя, чыя задача зберагчы тое, што маем. Забараніць прыйсці ў такі дзень было б, мабыць, няправільным. Памяць - гэта самае малое, чым мы можам аддзячыць пакаленню, якое падарыла нам нас.

Тут, у Брэсце, не раз здзяйсняліся подзвігі, не раз вырашаўся лёс усёй Еўропы. Абарона цытадэлі стала сімвалам устойлівасці і самаахвяравання, агульным набыткам былых савецкіх рэспублік. Але на жаль, спадчыннікамі той гераічнай гісторыі бачаць сябе не ўсе. 

Маштабы супрацьстаяння, у якія па выніку вылілася вайна, ці ледзь уяўляў кожны з бакоў канфлікту. Вялікая трагедыя 40-х пакінула глыбокі шнар у нашай гісторыі. Брэст памятае. Беларусь памятае. Памятае ў імя нашай свабоды.

Цана Вялікай Перамогі

Сёння мы рэдка задумваемся аб цане таго, што маем. Зазіраючы ў мінулае, успамінаючы подзвігі нашых герояў і тую цану, якую яны заплацілі за нашу свабоду - толькі так мы можам захаваць сябе, сваю сям'ю, сваю ідэнтычнасць.

Калі сціхнуў аркестр, удзельнікі жалобнага мітынгу пачулі, як спяваюць птушкі. У 1941 годзе гукі былі іншымі, і як прыемна сёння не спаць менавіта пад такую мелодыю.