Дзень дзяцінства замест традыцыйнай лінейкі зладзілі ў Брэсце

29 мая 2020
Дзень дзяцінства зладзілі сёння ў Брэсце: так незвычайна выпускнікі абласнога ліцэя вырашылі развітацца з вучобай. Замест урачыстай лінейкі - мыльныя бурбалкі і каляровыя крэйды, гульня ў класікі. У ліцэі імя Машэрава вучацца адораныя дзеці з усяго рэгіёна. Гэта восем профільных класаў, сярод іх філалагічны, фізіка-матэматычны, правазнаўчы, хіміка-тэхналагічны і іншыя кірункі. Як і ўсе выпускнікі, ліцэісты зараз рыхтуюцца да дзяржэкзаменаў. Сёлета сцены ўстановы пакінуць сто трыццаць шэсць дзяцей. З іх дваццаць шэсць атрымаюць залатыя медалі. 
Па традыцыі адзінаццацікласнікі высадзілі каля ліцэя кветкі на памяць аб сваім выпуску. А атэстаты сталасці ліцэісты атрымаюць урачыста праз два тыдні.