Cубота, 12 красавіка, у Беларусі аб'яўлена днём правядзення рэспубліканскага суботніка

10 апреля 2014
Усе заробленыя сродкі пойдуць на стварэнне цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава. Раней палова заробленых на суботніку грошай заставалася ў мясцовых бюджэтах, а палова - накіроўвалася ў рэспубліканскі. Сёлета сродкі вырашылі не распыляць. З бюджэту на рэалізацыю праекта ўжо накіравана больш як 100 млрд рублёў, трэба яшчэ 460 млрд. Заробленыя грошы паскораць стварэнне цэнтра. Да таго ж сёлета Беларусь святкуе 70-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 100-годдзе з пачатку Першай сусветнай вайны. 2014-ты аб'яўлены ў нашай краіне Годам гасціннасці. А гэта значыць у дзень суботніка будуць добраўпарадкаваны мемарыяльныя комплексы, помнікі і пахаванні часоў Вялікай Айчыннай і Першай сусветнай вайны. Традыцыйна таксама дарослыя зоймуцца падрыхтоўкай дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона.