Чатырохметровая вязаная ёлка вырасла ў Мінску

5 декабря 2016

У мікрараёне Новая Баравая прайшла акцыя ярн-бомбінг - гэта сучасны від вулічнага вязання. У выніку на дрэвах з'явіліся каляровыя шалікі, а на ліхтарах - шапкі. Падрабязней - Юлія Токар.

Ён вязаў цёплыя світшоты і пуловеры, а пасля вырашыў дадаць утульнасці інтэр'ерам. Ад кубкаў і падушак - да аўтамабіляў і вулічных лавак. Масквіч Юрый Рыдчанка трыкатажную вопратку стварае для любых прадметаў. Сучасны від вулічнага вязання – ярн-бомбінг - сёлета  прывёз і ў беларускую сталіцу.

Такі незвычайны від вязання з'явіўся ў ЗША больш за 10 гадоў таму. Аўтарам стала гаспадыня магазіна рукадзелля Магда Сэег, якая вырашыла ўпрыгожыць дзверы. Менавіта вязаныя чахлы на ручцы  і сталі першымі аб'ектамі ярн-бомбінгу. Так бамбаванне пражай падхапіў увесь свет. 

І сёння шалікі для дрэў, шапкі для ліхтароў і світар для вулічных трэнажораў уцяплілі спальны раён сталіцы.

Дзіцячая пляцоўка зайграла рознымі колерамі. На такое трыкатажнае адзенне спатрэбілася больш за 40 кіламетраў нітак.

Уцяпляюць нават арэлі. Вязаным палатном абкручваем спачатку слуп. Для зручнасці зверху ўніз і як мага шчыльней. У такім выпадку іголкі нам не патрэбны. А вось у такі мароз хочацца, каб ваўнянымі ніткамі абкруцілі і цябе.

 Навагоднюю тэматыку ўвасобілі нават у вязаным графіці. На агароджы паступова з'яўляецца святочны надпіс. Гэта таксама напрамак ярн-бомбінгу.

На пляцоўцы вырасла і навагодняе дрэва. Чатырохметровая ёлка з зялёных нітак стала галоўным сімвалам акцыі. Упрыгожваць яе маглі ўсе наведвальнікі. Маленькія ярн-бомберы старанна прышывалі яркія гузікі.

Для наведвальнікаў акцыі ладзіліся майстар-класы па ярн-бомбінгу. А кульмінацыяй акцыі стаў ніткавы флэшмоб. Дарэчы, утульная атмасфера тут захаваецца  да заканчэння зімы.