Повары, токары, сантэхнікі, медсёстры і айцішнікі. Тысячы маладых прафесіяналаў з 63 краін прыехалі ў Казань, каб прадэманстраваць сваё майстэрства. Сёння тут адкрываецца чэмпіянат свету WorldSkills. Беларусь ужо трэці раз возьме ўдзел у такім першынстве. Чаму важна ўзнімаць прэстыж рабочых прафесій - у рэпартажы Дар'і Белавусавай-Пятроўскай.
Выставачны цэнтр "Казань Экспо" размясціўся па суседстве з міжнародным аэрапортам Казань. Выйшаў з самалёта - і літаральна праз 10-15 хвілін ты ўжо ўдзельнік найбуйнейшага міжнароднага спаборніцтва рабочых прафесій.
ЧС па прафесійным майстэрстве WorldSkills яшчэ называюць алімпіядай для рабочых рук. Яго мэта - павысіць прэстыж і папулярнасць рабочых прафесій. Першынство праводзяць адзін раз у два гады, і, як правіла, у ім удзельнічаюць маладыя людзі ад 18 да 22 гадоў.
Сёлета маладыя прафесіяналы будуць спаборнічаць у 56 кампетэнцыях. Беларусы ўдзельнічаюць больш чым у 30. Гэта сфера паслуг, медыцына, ювелірная справа, дызайн, будаўніцтва, вытворчасць мэблі, афарбоўка аўтамабіляў, зварка і многае іншае. Для кожнага гэта шанц не толькі паказаць сваё майстэрства, але і знайсці добрую працу ў будучыні, бо, паводле звестак Сусветнага банка, кожны год эканоміка недаатрымлівае паўтара трыльёна долараў з-за недахопу рабочых кадраў.
WorldSkills - гэта яшчэ і бітва розуму і эрудыцыі. Удзельнікі прадэманструюць 3D-мадэляванне камп'ютарных гульняў, стануць распрацоўшчыкамі новых IT-праграм, а таксама ўпершыню правядуць спаборніцтвы беспілотнікаў.
Чэмпіянат свету па прафесійным майстэрстве WorldSkills адкрываецца сёння ў Казані
22 августа 2019