Чым здзівіць трэцяя лінія мінскага метро

22 февраля 2019

Тры новыя станцыі зялёнай веткі метро пабудаваныя амаль на 90 %. На "Кавальскай Слабадзе", "Плошчы Францішка Багушэвіча" і "Вакзальнай" ужо пачалося аздабленне і наладка абсталявання, прычым большая яго частка беларускай вытворчасці. На новай ветцы метро ўпершыню запусцяць нашы эскалатары і травалатары. Выпуск новай тэхнікі за тры гады асвоілі на прадпрыемствах Салігорска і Магілёва. Пры гэтым беларускі канцэпт рухомай лесвіцы мае і свае аўтарскія рашэнні. Для чаго на пераходзе паміж станцыямі "Вакзальная" і "Плошча Леніна" ўсталявалі рухомы пол, а таксама ў якім мегаполісе свету ўжо можна пракаціцца на першым травалатары беларускай вытворчасці? Адказы ў рэпартажы Яна Пашкевіча. 

Падземныя лабірынты станцыі "Вакзальная" паступова ператвараюцца ў пешаходныя пераходы і чыгуначную платформу. Тут завяжацца транспартны вузел - зялёная ветка перапляцецца з сіняй.

Злучаць станцыі адразу два тунэлі, рух у іх будзе аднабаковым. Такі пераход аказаўся амаль паўкіламетра даўжынёй, для зручнасці пасажыраў тут усталявалі рухомы пол.

Гатовыя да выкарыстання тут і мабільныя лесвіцы. Гэтыя эскалатары таксама сабралі ў Беларусі. Выпуск новай тэхнікі асвоілі на прадпрыемстве ў Салігорску тры гады таму.

А вось так салігорскія травалатары задаюць напрамак фанацкаму руху ў метро Пецярбурга падчас чэмпіянату свету па футболе - метрапалітэн горада на Няве першым даверыўся беларускім распрацоўкам.

Уся зборка эскалатара тут нагадвае брутальную версію канструктара - спецыялісты збіраюць габарытны механізм з дэталяў уласнай вытворчасці. А дызайн рухомых прыступак атрымаў і некаторы аўтарскі апгрэйд. 

Надаюць рух уверх эскалатары і самой вытворчасці. Тут сабралі ўжо каля трох дзясяткаў машын, 14 з якіх для мінскага метро. 

Тым часам спускаемся назад на вялікую падземную будоўлю. Тут засталося пракапаць апошні тунэль паміж станцыямі.

Жукоўскага - рабочая назва станцыі "Кавальская Слабада". Аддзелачныя работы тут завяршылі ўжо напалову. Тут жа можна разгледзець і адзіны стыль новай веткі - усе яе станцыі падкрэсляць зялёным колерам. Акрамя таго, на платформах з'явіцца і яшчэ адно тэхнічнае ноу-хау.

Канчаткова злучыць усе чатыры станцыі чыгуначным тунэлем плануюць ужо сёлета. А першых пасажыраў новая ветка прыме ў першай палове 2020 года.