Чаго чакаюць ад новага сезона беларускія палярнікі

2 января 2018

Гэтымі днямі ідзе актыўнае разгортванне праграм і прыборнай базы для навуковых даследаванняў. Чаго чакаюць ад новага сезона беларускія падарожнікі, раскажа Аляксандр Смірноў.

Падрыхтоўка да далёкага і небяспечнага падарожжа пачынаецца задаўга да афіцыйнага старту экспедыцыі. Кожная дробязь літаральна на вагу золата. Абсталяванне, харчаванне, нават упакоўка - усё павінна быць зроблена бездакорна.

Артур Івашка, майстар па эксплуатацыі і рамонце машын і механізмаў 10-й беларускай антарктычнай экспедыцыі: "Самае важнае - гэта ў нас прадукты, якія ідуць у шкляной тары. Шкляную тару мы ўпакоўваем у спецыяльныя матэрыялы, каб не было магчымасці дакранання шкла да шкла. Мы грузім і верталётам, і пагрузчыкамі. Скрыні могуць упасці, разбіцца, таму ўсё павінна быць шчыльна ўпакавана".

У камандзе падарожнікаў кожны майстар на ўсе рукі. Гэта не дзіўна, паколькі зараз задача нумар адзін - працяг будаўніцтва беларускай палярнай станцыі. Раней быў збудаваны першы аб'ект, а ў гэтым сезоне плануецца завяршыць усталяванне другога модуля. Гэта будзе васьмісекцыйны комплекс, які ўключае службовыя, жылыя, лабараторныя і санітарна-тэхнічныя памяшканні.

Аляксей Захватаў, інжынер-механік 10-й беларускай антарктычнай экспедыцыі: "Ты павінен быць даволі сур'ёзным спецыялістам не толькі ў сваёй дзейнасці, але і ў іншых сферах. Калі аказваешся ў Антарктыдзе, то гэта як быццам іншы свет. Гэта зусім іншыя ўмовы жыцця. Там няма палітыкі, там ёсць плячо таварыша і падтрымка блізкіх. У той жа час, калі ты аказваешся на станцыі іншых краін, да цябе заўсёды сяброўскае стаўленне, заўсёды паразуменне".

Паралельна з тэхнічнымі задачамі выконваецца поўнае разгортванне праграм і прыборнай базы для навуковых даследаванняў. Вывучэнне жывёльнага свету Антарктыды (прасцей кажучы, біялогія) - бадай, самы перспектыўны з практычнага пункта погляду напрамак.

Аляксей Гайдашоў, намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў, начальнік 10-й беларускай антарктычнай экспедыцыі: "На дзясяткі тысяч квадратных кіламетраў адна адзінка. І кожны новы пункт - гэта ўклад не проста ў навуку, гэта практычны ўклад у звесткі, якія апрацоўваюцца Сусветнай метэаралагічнай арганізацыяй, і на аснове іх робяцца як лакальныя, так і глабальныя прагнозы".

Беларускія даследчыкі ўшчыльную займаюцца даследаваннем так званай біёты Антарктыды. Мохі і лішайнікі могуць расказаць не толькі тысячагадовую гісторыю планеты (як змяняўся клімат), але і раскрыць таямніцы, як працуюць механізмы прыроды, у тым ліку выжывання арганізмаў у экстрэмальных умовах. Многія звесткі ўжо выкарыстоўваюцца ў экалогіі, медыцыне і фармакалогіі.

Паездку ў Антарктыку нездарма параўноўваюць з палётам у космас. Умовы практычна ідэнтычныя. Аднак іншымі катэгорыямі палярная навука не мераецца. Гэта стратэгія, якая працуе на будучыню.

Адна з навэл гэтага сезона - рэгулярная перадача ў Мінск тэрміновай метэаралагічнай інфармацыі з Антарктыды. Звесткі будуць перадавацца ў нацыянальную гідраметэаслужбу для апрацоўкі. Гэта дапаможа ўдакладніць прагназаванне прыродных працэсаў. Такім чынам навука стане яшчэ бліжэй.