Cёння Салігорск - адзін з самых маладых і сучасных гарадоў краіны

9 сентября 2013

Чым магла на самай справе абярнуцца калійная афера, як ніхто іншы разумеюць тыя, чыё жыццё ўжо не адзін дзясятак гадоў звязанае з Беларуськаліем. Бо адначасова з будаўніцтвам калійнага гіганта ў канцы 50-х у сталічным рэгіёне краіны пачалі ўзводзіць цэлы горад. У свае 55 сёння Салігорск - адзін з самых маладых і сучасных гарадоў краіны.


Гісторыя адной сям'і як гісторыя цэлага горада - у рэпартажы Сяргея Хамянтоўскага. У гэтай сям'і нават рассыпаная падчас вячэры соль - насуперак усім прыкметам - толькі да шчасця…. На салігорскім Беларуськаліі браты Аляксандр і Сяргей Селіванавы працуюць ужо больш за 20 гадоў. У кожнага свая сям'я і ўласны дом. Дарэчы, старэйшаму з братоў, Аляксандру, участак пад будаўніцтва выдзеліў калійны гігант. Малодшы Сяргей свой дом пабудаваў прама насупраць.


Калісьці на Беларуськаліі працаваў і бацька братоў Селіванавых. Аддаў прадпрыемству амаль чвэрць стагоддзя. Менавіта ён, гавораць сёння гарнякі, распавядаў ім, якімі няпростымі былі для Беларуськалія 80-я XX стагоддзя, з забастоўкамі рабочых і нявыплатай зарплат. І як у сярэдзіне 90-х адбылося адраджэнне прадпрыемства. У адрозненне ад шматлікіх іншых гігантаў на постсавецкай прасторы, Беларуськалій не даў раскрасці і прыватызаваць Прэзідэнт. Дзяржпадтрымка, атрыманая тады, дазволіла адрадзіць вытворчасць і захаваць стратэгічнае для краіны прадпрыемства.


Сёння тую гісторыю, прызнаюцца шахцёры, у сямейным коле яны ўспамінаюць часта. І падставай таму стала прадухіленне беларускімі праваахоўнікамі грандыёзнай калійнай аферы ўжо ў XXI стагоддзі. Што было б з імі і з тысячамі іншых сем'яў гарнякоў, калі б спроба рэйдарскага захопу стратэгічнага прадпрыемства ўдалася, яны нават і думаць не хочуць.


Пра гэта гавораць практычна ўсе жыхары Салігорска. Бо яны як ніхто іншыя разумеюць, што Беларуськалій - не проста прадпрыемства, а прадпрыемства, якое дало жыццё іх роднаму гораду. Салігорск пачалі будаваць адначасова з будаўніцтвам калійнага гіганта.


Усяго за 55 гадоў Салігорск ператварыўся ў горад з насельніцтвам звыш 100 тысяч чалавек. На Беларуськаліі працуе кожны шосты жыхар. Прадпрыемства фарміруе львіную долю бюджэту горада. І з'яўленне першай у Мінскай вобласці лядовай арэны, сучаснага спартыўна-відовішчнага комплексу, новых школ і паліклінік, роўна як і росквіт горада, заслуга Беларуськалія.


У тым, што і гэты праект будзе рэалізаваны, сумненняў няма. Толькі сёлета дзякуючы сур'ёзнай фінансавай дапамозе Беларуськалія - каля 30 мільярдаў рублёў - абнавіліся вуліцы горада і двары ў спальных раёнах. А для больш як 700 хлопчыкаў і дзяўчынак першы званок у новым навучальным годзе празвінеў у абсалютна новай школе. І гэта не проста школа - гэта сучасны навучальна-педагагічны комплекс. Тут яшчэ будзе дзіцячы сад на 230 малышоў. На ўсё гэта Беларуськалій аддаў яшчэ 8 мільярдаў.


У апошнюю нядзелю жніўня Салігорск стаў імяніннікам 55-ы раз. Можна доўга пералічваць, чым слаўны Салігорск, але, безумоўна, самае каштоўнае, што ёсць у яго - гэта людзі. Проста жыхарамі Салігорска яны называюць сябе рэдка, атаясамліваюць сябе з калійным гігантам, горда заяўляючы: Разам мы Беларуськалій.