Бальніцы вобласці вяртаюцца да звычайнага рэжыму працы

1 июля 2020
Аддзяленні, якія часова атрымалі статус інфекцыйных, пачынаюць прымаць планавых пацыентаў. Адбываецца гэта паэтапна - у памяшканнях неабходна правесці поўную дэзынфекцыю. Так, у Стаўбцоўскай бальніцы сёння свае дзверы для медработнікаў і пацыентаў зноў адчыняюць адразу некалькі профільных аддзяленняў. Туды адправілася Аляксандра Кавеліч.

Дзяжурства ў інфекцыйным кабінеце паліклінікі, начныя змены ў чырвонай зоне стацыянара. І вось, нарэшце, зноў  праца ўрачом агульнай практыкі. Анастасія Байкачова ў першы год пасля размеркавання паспрабавала сябе ў самых розных прафесійных ролях. Нягледзячы на ўсе складанасці, па словах маладога спецыяліста, такія выклікі толькі ўмацавалі яе захапленне медыцынай. 

На працягу трох месяцаў менавіта з інфекцыйнымі захворваннямі ў Стаўбцоўскай бальніцы працавалі звыш 150 спецыялістаў. Вольга Вяроўка  таксама адна з іх. Першы дзень ліпеня для загадчыка тэрапеўтычнага аддзялення стаў і першым працоўным днём у звыклых умовах. 

Стаўбцоўская бальніца адна з першых у рэгіёне пачала вяртацца да звычайнага рэжыму. Свой профіль ізноў набылі неўралагічнае, дзіцячае, а таксама аддзяленне паліятыўнай дапамогі. Каб адкрыць дзверы для пацыентаў і медработнікаў, там правялі поўную санітарную апрацоўку. У гэты ж час у сценах клінікі працавалі і будаўнікі. Аднаўляць свае сілы пасля перанесеных захворванняў мясцовыя жыхары будуць у абноўленым аддзяленні рэабілітацыі. 

Паступова да працы ў звычайным рэжыме пераходзяць і іншыя клінікі Мінскай вобласці. Так, прымаць планавых пацыентаў сёння сталі і ў некаторых аддзяленнях Салігорскай, Дзяржынскай, Нясвіжскай і Жодзінскай бальніц.