Балельшчыкі працягваюць прыбываць на чэмпіянат свету па футболе

15 июня 2018

Больш чым паўтары тысячы фанатаў ужо ўехалі транзітам у Расію праз Беларусь у рамках бязвізавага пагаднення. Гэта госці з 68 краін, сярод іх найбольшая колькасць балельшчыкаў з Перу, Аргенціны і ЗША. Напярэдадні вечарам група з 54 турыстаў прайшла пагранічны кантроль у Брэсце. Яны ехалі ў цягніку Варшава - Масква.

Чэмпіянат свету па футболе, нагадаем, праходзіць у Расіі з 14 чэрвеня па 15 ліпеня.

Антон Бычкоўскі, афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Беларусі: "На сённяшні дзень дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь перасеклі больш за 1740 балельшчыкаў, якія накіроўваюцца на чэмпіянат свету па футболе ў Расійскую Федэрацыю. З гэтага ліку 1680 грамадзян накіроўваліся на ўезд і 61 на выезд з Беларусі. Прычым толькі за апошнія суткі аформлена амаль 850 асоб, якія перамяшчаліся ў такім асаблівым парадку. Арганізаваныя групы балельшчыкаў могуць перасекчы мяжу па асобным калідоры. Агульны час іх афармлення ў аўтадарожных пунктах пропуску не павінен перавышаць 15 хвілін. Пагранічная служба гатовая да наступнага павелічэння патоку балельшчыкаў. На неабходных кірунках сфарміраваны рэзервы дадатковых сіл".

На час чэмпіянату свету па футболе Беларусь і Расія падпісалі міжурадавае пагадненне аб уездзе замежных грамадзян на міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы без віз. Дакумент дзейнічае з 4 чэрвеня па 25 ліпеня. Чакаецца, што беларускую мяжу за гэты час перасякуць каля 150 тысяч чалавек.