Больш за тысячу станцый ачысткі вады ад жалеза пабудуюць у Беларусі да 2025 года

13 октября 2017

Што мы п'ем і калі вада ў беларускіх кватэрах будзе з падземных крыніц? Да 2025 года ў Беларусі пабудуюць больш за тысячу станцый ачысткі вады ад жалеза. А каб ачышчаная вада не губляла якасці пры праходжанні ў трубах, плануецца замяніць больш за 4 000 кіламетраў вадаправодных сетак. Падрабязней - Наталля Тарасюк.

Вада на сталічную станцыю ачысткі вады ад жалеза "Пятроўшчына" падаецца з 18 свідравін. Тры фільтры чысцяць вадкасць ад марганцу і жалеза. Усё, каб кожны дзень падаваць 17,5 мільёна літраў чыстай вады.

Кацярына Стасевіч, інжынер-тэхнолаг станцыі ачысткі вады ад жалеза водазабору № 2 "Пятроўшчына": "Па вадаводах вада паступае сюды, размяркоўваецца па фільтрах. Гэта займае дзесьці хвіліны (пакуль яна зверху дадолу дойдзе) 3-4. І яна, ужо ачышчаная, выходзіць і падаецца ў рэзервуары чыстай вады".

Больш за 50 % свідравін у краіне багатыя на жалеза, прычым у высокай канцэнтрацыі. Але ўсю H2O прыводзяць да беларускага нарматыва - не больш як 0,3 міліграма жалеза на літр.

Алена Драздова, загадчыца лабараторыі РУП "Навукова-практычны цэнтр гігіены": "Ачыстка адбываецца, як правіла, шляхам насычэння кіслародам альбо паветрам, насычаным кіслародам больш высокай канцэнтрацыі. Падчас рэакцыі жалеза пераходзіць у нераспушчальную форму і выпадае ў выглядзе асадка на дно".

На станцыі ваду яшчэ і абеззаражваюць з дапамогай ультрафіялету. А ўсе фільтры абавязкова чысцяць.

Зараз спецыялісты працуюць над дэталямі новай рэспубліканскай праграмы да 2025 года. Паводле праекта, плануецца пабудаваць у краіне мінімум 1200 станцый ачысткі вады ад жалеза.

Вада ідзе па трубах з розных матэрыялаў: сталь, поліпрапілен, шклапластык, жалезабетон. Гэтую трубу, з поліэтылену, выбралі, каб аператыўна ліквідаваць пашкоджанне.

Антон Галаскок, начальнік вытворчасці "Мінсквадаправод" УП "Мінсквадаканал": "У нас больш за 3 000 кіламетраў сетак. Пераважная большасць, больш за 50 %, гэта чыгунныя трубы. Выбар труб вызначаецца зыходзячы з умоў вытворчасці работ, метаду работы, пытанняў, звязаных з ціскам у сетцы, з рэжымамі працы".

А вось што датычыцца труб з гарачай вадой, дык пры замене выбіраюць пераважна перадызаляваныя.

З павярхоўных крыніц у Беларусі п'юць ваду толькі жыхары Фрунзенскага і часткова Маскоўскага раёнаў сталіцы. Але яна таксама чысціцца і адпавядае санітарным патрабаванням.

Васіль Пашкевіч, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі: "Могуць быць нейкія староннія пахі, залішнія, як, напрыклад, у Мінску, у тых раёнах, якія атрымліваюць ваду з павярхоўных крыніц, з Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, але гэта ўсё ў дапушчальных межах. Вада настолькі добрая, што няма ніякіх падстаў, каб людзі ставілі фільтры".

На падземныя крыніцы гэтыя раёны перавядуць да 2020. Усяго ў краіне больш за 10 000 артэзіянскіх свідравін. І, паводле слоў навукоўцаў, запасы прэсных падземных вод у нашай краіне яшчэ і папаўняюцца - на 43 мільёны кубічных метраў за суткі.