Больш за 400 студэнтаў з Беларусі і Расіі сустрэліся на пляцоўцы Беларускай АЭС

7 июля 2015

Сёння на Усебеларускай моладзевай будоўлі пачаўся працоўны семестр. Сюды хлопцы і дзяўчаты прыязджаюць ужо трэці год. Яны рассяліліся ў Астраўцы і ўжо пачалі працаваць на сваіх пляцоўках. Праўда, да самога аб'екта атамнай станцыі іх, вядома, ніхто не дапушчае. А вось уладкоўваць інфраструктуру і дапамагаць узводзіць дадатковыя аб'екты студэнцкія атрады пачалі яшчэ два гады таму. З нуля дапамагалі будаваць і ўласны бетонавы завод, і завод па вырабе арматуры, і будынак навучальна-трэніровачнага цэнтра. Пра тое, як для студэнтаў пройдзе гэтае лета, - рэпартаж Кацярыны Шыбко.

Перш чым пачаць працу, Юрый Сінкевіч і яго калегі па будатрадзе праходзяць стажыроўку - 10 дзён. І толькі пасля пад пільным кантролем прафесіяналаў пачаткоўцы-арматуршчыкі могуць працаваць.

Праўда, да самой пляцоўкі будаўніцтва АЭС студэнтаў, вядома, ніхто не дапушчае. А вось уладкоўваць інфраструктуру і дапамагаць узводзіць вытворчую базу студэнцкія атрады пачалі яшчэ два гады таму. Сёння ўжо даўно завершаныя і бетонавы завод, і завод па вырабе арматуры. Зараз студэнты самі працуюць на гэтых магутнасцях. Амаль гатовы і будынак навучальна-трэніровачнага цэнтра - тут будучыя супрацоўнікі атамнай электрастанцыі будуць праходзіць навучанне.

Уся лінія першага энергаблока пачне працаваць ужо ў 2018 годзе - менавіта тады і запланаваны яго запуск. Зараз тут працягваецца будаўніцтва двух пырскальных басейнаў, корпуса рэактара і градзірні. Яе вышыня павінна складаць 167 метраў. Пакуль жа гатова 92.

Каб патрапіць сюды на працу ў студэнцкі атрад, хлопцы і дзяўчаты праходзілі сур'ёзны адбор. Адно з галоўных патрабаванняў - вопыт працы на знакавых аб'ектах. Разам з беларусамі на адной пляцоўцы працуюць і студэнты з Расіі. Гэта таксама традыцыя. Сёлета ўпершыню прыехалі студэнты з Масквы і Белгарадскай вобласці. Да іх патрабаванні таксама жорсткія, а конкурс склаў чатыры чалавекі на месца. Многія з гэтых студэнтаў мараць пазней працаваць на Беларускай АЭС.

Студэнты ўжо рассяліліся ў Астраўцы - на аб'ект іх будзе прывозіць спецыяльны аўтобус. За гэтае лета, гавораць самі студатрадаўцы, атрымаюць добры вопыт і разлічваюць нядрэнна зарабіць. Зрэшты, важна тут не толькі гэта. У студэнцкія атрады, гавораць, ідуць па асаблівую рамантыку, якую зможа зразумець, мабыць, толькі той, хто калісьці далучыўся да гэтага руху.

Як сумясціць працу і вучобу, якіх  студэнцкіх атрадаў не хапае і ў чым будучыня гэтага руху - пра гэта і не толькі адразу пасля афіцыйнага адкрыцця працоўнага семестра гаварылі на адкрытых дэбатах. Новы праект самага масавага моладзевага аб'яднання краіны "Выбірай.by" дапамагае хлопцам і дзяўчатам у дыскусіі прыняць правільнае рашэнне, каб усе свае сілы аб'яднаць для важнай агульнай справы.

Андрэй Белякоў, першы сакратар ЦК ГА БРСМ:

"Тое, што ў моладзі ёсць запал, тое, што ў моладзі ёсць вялізнае жаданне сябе выявіць, даказаць, што я магу, я здольны, - вось гэтыя складальнікі дазволілі нам сёлета павялічыць у два разы колькасць байцоў студэнцкіх атрадаў".  

Упершыню сёлета студэнцкі атрад паехаў на працу ў Мілан - на вялікі форум "Экспа-2015". Гэта яшчэ адна амбіцыйная ідэя Саюза моладзі - аб'яднаць студэнтаў з розных краін, і не толькі для абмену вопытам, але і для стварэння сумесных і сапраўды патрэбных праектаў.