Дабрачынную вячэру ў Мінску правялі жонкі паслоў, дыпламатаў і замежных прадстаўнікоў

17 мая 2014

Прымеркаванае да 22-годдзя Мінскага міжнароднага жаночага клуба мерапрыемства адбылося ў Палацы Рэспублікі. Пра місію ў імя дабра рэпартаж Вадзіма Марцішэўскага.


Праходжанне па чырвонай дывановай дарожцы, успышкі фотакамер і раскоша зграбных убораў - атмасфера свята лунае ў паветры, але нават на ўрачыстасці, нагодай якой паслужыла 22-годдзе Мінскага міжнароднага жаночага клуба, дыпламаты, а таксама жонкі паслоў і сталічны бамонд не адпачываюць, а сумяшчаюць прыемнае з карысным.


Наталля Сухавецкая, віцэ-прэзідэнт Мінскага міжнароднага жаночага клуба жонак паслоў, дыпламатаў і замежных прадстаўнікоў: Гэтую вячэру мы праводзім сёння ўжо 22-і раз. І мэта яе - сабраць як мага больш дабрачынных сродкаў на дабрачынныя праекты. Летась мы правялі больш за 30 дабрачынных праектаў і каля 60 культурных.


Упадабаная традыцыя клуба - латарэя. Але ў гэтай азартнай гульні няма тых, хто прайграў.


Купіўшы такі латарэйны білет, кожны ўдзельнік мерапрыемства праяўляе сваё жаданне дапамагчы тым, хто ў гэтым сапраўды мае патрэбу. Усе грошы ад рэалізацыі білетаў пойдуць на дабрачыннасць.


Кошт аднаго невялікі, але сярод гульцоў сапраўдны ажыятаж. Некаторыя набываюць адразу дзясяткі квіткоў.


Лоты самыя разнастайныя: ад выдатных твораў жывапісу да запрашэнняў на ўдзел у тэлевізійных здымках. Галоўны медыяхолдынг краіны не першы год аказвае інфармацыйную падтрымку, а таксама сумесна з дабрачынным камітэтам клуба ўносіць свой уклад. Прадстаўніцы арганізацыі па заслугах ацэньваюць тых, хто працуе па іншы бок блакітнага экрана.


Наталля Сухавецкая, віцэ-прэзідэнт Мінскага міжнароднага жаночага клуба жонак паслоў, дыпламатаў і замежных прадстаўнікоў: Я магу даць самую высокую ацэнку. Калі б мы не звярнуліся па інфармацыйную падтрымку, ніколі нам Белтэлерадыёкампанія не адмовіла. Заўсёды суправаджаеце ўсе нашы мерапрыемствы. А вось сёлета выдзелілі сертыфікат на ўдзел чалавека - ён будзе ўдзельнічаць у нейкай праграме.


Філасофія арганізацыі простая: літасць і дабрыня - аснова працы Мінскага міжнароднага жаночага клуба на працягу многіх гадоў. Як паказвае практыка, гэтыя мэты не проста нязменныя, але з кожным годам умацоўваюцца, а колькасць асоб, якія займаюцца дабрачыннай дзейнасцю, павялічваецца з кожным днём.