Беларускія фрыстайлеры заяўляюць, што іх трэба называць спартсменамі

6 апреля 2015

Вулічная філасофія, шоу ці ўсё-такі спорт? Беларускія фрыстайлеры заяўляюць, што іх трэба называць спартсменамі. А фінты і дрыблінг яны выконваюць не горш за ўладальніка трох "Залатых мячоў" Крышціяну Раналду. Пра тое, як моладзь развівае новы напрамак у беларускім спорце, рэпартаж Крысціны Камыш.

Ёсць у футбольным свеце спартсмены, якія не забіваюць галы, не адбіраюць адзін у аднаго мяч, але пры гэтым віртуозна ім валодаюць - футбольныя фрыстайлеры. Гэты від спорту зусім не звязаны са звыклай гульнёй "адзінаццаць на адзінаццаць". Першым фрыстайлерам называюць Дыега Марадону, а ў сучасным футболе вылучаюць такіх майстроў дрыблінга, як Крышціяну Раналду і Неймара.

Антон Нікалаёнак, двухразовы чэмпіён Беларусі па футбольным фрыстайле: "Марадона ўзяў элементы футбольнага фрыстайла і стаў выкарыстоўваць на сучасным футбольным мячы. Але сам футбольны фрыстайл увесь час быў асобна ад футбола. І ўсе футбалісты проста робяць трукі з футбольнага фрыстайла на маленькім узроўні".

Гэта дастаткова малады від спорту - яму 13 гадоў. У Беларусі ён развіваецца ўсяго 7. Сутнасць - выканаць трук з футбольным мячом пры дапамозе розных частак цела. А ўжо ад гэтага залежыць, да якой дысцыпліны аднесці фінт.

Для таго каб стаць фрыстайлерам, не трэба спецыяльнага рыштунку. Трэніравацца можна, дзе і калі заўгодна. Абмежаванняў па ўзросце ў гэтым відзе спорту няма. А чаканіць мяч і фінціць могуць не толькі хлопцы.

Каб выканаць гэтую чаканку, мне спатрэбілася 10 гадзін трэніровак. Але для таго каб стаць футбольным фрыстайлерам, спатрэбяцца мінімум 3 гады штодзённых заняткаў. Гэты мяч чацвёртага памеру, таму яго лёгка набіваць. На чэмпіянатах па фрыстайле такі нельга выкарыстоўваць. Падыходзіць толькі звычайны мяч для футбола.

Тое, што гэта від спорту, даказвае і створаная Міжнародная федэрацыя футбольнага фрыстайла, чэмпіянаты свету і Еўропы, якія сёлета пройдуць шосты раз. У Беларусі федэрацыі пакуль не існуе, але фрыстайлеры ўпэўненыя, што гэта пытанне часу.