Белавія адкрыла два новыя прамыя рэгулярныя рэйсы: Мінск - Растоў-на-Доне і Мінск - Казань

30 апреля 2018

Прыхільнікі гульні нумар адзін у чаканні планетарнага форуму! У Расіі да чэмпіянату свету па футболе рыхтуюцца ўсе: арганізатары, самі спартсмены, службы бяспекі, аб'екты туріндустрыі, транспартнікі. Дарэчы, у паветранай сувязі з гарадамі краіны-суседкі перад мундыялем актывізаваўся і наш нацыянальны авіяперавозчык. Белавія адкрыла адразу два новыя прамыя рэгулярныя рэйсы: Мінск - Растоў-на-Доне і Мінск - Казань (4 разы на тыдзень). Балельшчыкі з усёй Еўропы змогуць з камфортам дабрацца на матчы. Зрэшты, асноўная і доўгатэрміновая мэта палётаў - шырэй развіваць дзелавыя і турыстычныя сувязі паміж Беларуссю і Расіяй.

У сталіцу Татарстана першым рэйсам вылецеў і Аляксей Кандраценка. Камфартабельны авіялайнер "Эмбраер" стартуе ў новы дзень і па новым кірунку! Зараз такі начны пералёт чатыры разы на тыдзень напроста звяжа сталіцы Беларусі і Татарстана. Ужо да першага рэйса цікавасць пасажыраў высокая.

Дзве з невялікім гадзіны палёту - і мы ў Казані! Сустрэча першага рэйса Белавія з нацыянальным каларытам і мясцовым чак-чакам.

Тавараабарот Беларусі і Татарстана - мільярд дзвесце мільёнаў долараў. У гэтым рэгіёне добра знаёмыя з беларускай тэхнікай, мэбляй, адзеннем і прадуктамі. Дзякуючы новаму паветранаму мосту ўзаемныя інтарэсы ў бізнесе і турызме стануць яшчэ больш адчувальнымі. І выйдуць за межы дзвюх краін.

Ігар Чаргінец, намеснік гендырэктара авіякампаніі "Белавія": "З Казані праз Мінск мы ўжо бачым пасажыраў практычна ўсіх маршрутаў авіякампаніі "Белавія". З еўрапейскіх кірункаў - Парыж, Амстэрдам, Рым, Ніца. Два дзясяткі кірункаў мінімум. Ёсць вызначаная ўнікальнасць у тым, што мы возім з Расію ў Расію праз Мінск: у Калінінград, Санкт-Пецярбург".

Сама ж трэцяя сталіца Расіі - а Казань афіцыйна носіць такі статус - сёння нагадвае бурлівы кацёл, ці казан. Усе ў чаканні мундыяля.

За апошнія 15 гадоў дзякуючы буйным міжнародным спартыўным і культурным форумам Казань стала горадам, як гавораць, з еўрапейскім глянцам. Вось і сёння сталіца Татарстана рыхтуецца да чэмпіянату свету па футболе. Найноўшы стадыён уражвае прыгажосцю і размахам, нават нягледзячы на дажджлівае надвор'е.

У гэтым рэгіёне Расіі з турыстамі даўно на ты. Больш за тры мільёны наведвальнікаў на год і развітая інфраструктура толькі пацвярджаюць: госці і балельшчыкі, акрамя матчаў, убачаць шмат цікавага.

Дарэчы, пагрузіцца ў нацыянальны татарскі каларыт завочна зусім хутка можна будзе не пакідаючы Беларусі. З 4 па 6 чэрвеня ў Мінску і Гродне пройдуць дні культуры Татарстана. Праграма абяцае стаць прадвеснікам нацыянальнага свята "Сабантуй", які штогод праходзіць у беларускай сталіцы.