Беларусь упершыню адзначае новае дзяржаўнае свята - Дзень народнага адзінства

17 сентября 2021

Паводле добрай традыцыі нашай адзінай Беларусі напярэдадні значных дат у гісторыі краіны жыхарам заўсёды ўручаюцца падарункі.

Не стала выключэннем і наша новае свята - Дзень народнага адзінства. Магілёўцы сёння атрымалі новы пуцеправод і новую плошчу. У Гомелі і Полацку з'явіліся новыя алеі, абнавіліся Брэст, Гродна і Віцебск.

Самыя яркія моманты і ўражанні сабраў Андрэй Ястрабаў.

Амаль 85 мільёнаў рублёў дзяржінвестыцый у будаўніцтва пуцеправода. Дарэчы, ужо ёсць прапановы ад жыхароў назваць яго "Праспект 17 верасня". Будаўнікам прыйшлося папрацаваць - падняць трасу над чыгуначнымі пуцямі.

Падзяка за працу ў Дзень народнага адзінства. Святочнаму настрою нават непагадзь не перашкодзіла. І вось ён - урачысты момант адкрыцця руху.

Гэта першая чарга пуцеправода і частка вялікай дубль-трасы працягласцю 7,5 км. Далей яна злучыць мікрараёны Казіміраўка і Спадарожнік, дзе пражываюць амаль 20 тысяч чалавек.

Падарунак і для жыхароў новага мікрараёна Спадарожнік-2. Зараз ён у стадыі будаўніцтва з усёй неабходнай інфраструктурай. Дзякуючы трасе, дабрацца да цэнтра горада будзе больш проста.

Сёння жыхары Магілёва атрымалі адразу тры падарункі. Плошча Народнага адзінства ля дыягнастычнага цэнтра. А яшчэ сімвал свята - знак у выглядзе васілька.

У Гродне на Кургане Славы заклалі капсулу часу з пасланнем беларусам будучыні. На ўрачыстым мітынгу ўсклалі кветкі героям, хто змагаўся за свабоду і адзінства нашай краіны.

І яшчэ адна знакавая падзея ў Гродне. Сёння масту вярнулі абноўленыя гістарычныя таблічкі 49-га года. Яны былі размешчаны там, калі галоўную гарадскую пераправу аднавілі пасля вайны. Тады гэта падзея прымеркавалі да 10-годдзя ўз'яднання Беларусі.

А ў Гомелі сёння з'явілася новая алея ў скверы Народнага адзінства.

Некалькі дзясяткаў туй. З кожным годам іх будзе станавіцца ўсё больш.

А яшчэ мурал - выява дзяўчыны з картай Беларусі ў руках. На месцы кожнай вобласці - славутасці, візітная картка рэгіёна. На ўвасабленне задумкі гомельскім мастакам спатрэбілася менш як два тыдні.

У Полацку каля Кургана Бяссмерця сёння адкрылі Алею Герояў Савецкага Саюза.

На 17 стэлах ушанаваны імёны выхадцаў раёна. Сярод іх удзельнік абароны Масквы Іван Аляксееў; Зінаіда Тусналобава-Марчанка - медсястра, якая вярнулася з вайны без рук і ног; па-зверску закатаваная фашыстамі сувязная партызанскай брыгады Таццяна Марыненка. Іх імёнамі названыя вуліцы Полацка. На кожнай стэле QR-код. На экран тэлефона выводзіць біяграфію, гісторыю жыцця і подзвігаў герояў.

У Брэсце шматлюдна было ля абеліска воінам, якія ваявалі за ўз'яднанне беларускага народа. У братэрскай магіле - чырвонаармейцы, якія загінулі восенню 1939 года. 82 гады таму Брэст, як і іншыя гарады сучаснай Заходняй Беларусі, апынуўся ў эпіцэнтры найважнейшых палітычных падзей. Героям, якія аддалі свае жыцці ў імя адзінства, сёння адкрылі мемарыяльную дошку і ўсклалі жывыя кветкі.

Памяць герояў ушанавалі хвілінай маўчання. А ў знак міру і дабра дзеці выпусцілі ў неба белых галубоў.