Беларусь адзначае Дзень пажарнай службы

25 июля 2017

Гісторыя нашых ратавальнікаў пачалася яшчэ ў канцы XV стагоддзя. А 25 ліпеня 1853 года ў буйных гарадах былі створаныя першыя пажарныя каманды.

У Віцебску святочныя мерапрыемствы ў гонар Дня пажарнай службы прайшлі на некалькіх пляцоўках. Нядаўна завяршыліся спаборніцтвы па пляжным футболе сярод працаўнікоў і ветэранаў службы. Сёння ж адбылася і ўрачыстая цырымонія прыняцця прысягі. Для дзяцей і дарослых супрацоўнікі МНС арганізавалі віктарыны і конкурсы, самыя дапытлівыя прымерылі баявое адзенне ратавальнікаў. Найболей відовішчнай часткай праграмы сталі паказальныя выступленні і водная феерыя, якую пажарнікі зладзілі пры дапамозе спецабсталявання.

А ў Брэсце ў Дзень пажарнай службы падарунак ад ратавальнікаў атрымаў гарадскі парк. Тэматычны арт-аб'ект з'явіўся на самай ажыўленай алеі. Лава стылізаваная пад пажарны аўтамабіль пачатку ХХ стагоддзя. Тут жа напісаныя нумары выкліку службы выратавання. Выкананы арт-аб'ект са сталі і дубу, паводле эскізаў супрацоўніка МНС у кавальскай майстэрні Брэста. Першыя сэлфі на памяць зрабілі не толькі жыхары горада, але і госці свята - ратавальнікі з Польшчы і Германіі.