Беларусь акажа гуманітарную дапамогу Сірыі і Іраку

30 марта 2015

Беларусь акажа гуманітарную дапамогу Сірыі і Іраку (аўтаномія Іракскі Курдыстан). Адпаведнае распараджэнне падпісаў напярэдадні Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Плануецца, што груз будзе дастаўлены двума авіярэйсамі з Мінска. Прадукты харчавання, кансервы, дызельныя электрагенератары, палаткі, коўдры і медыкаменты - гэта далёка няпоўны спіс таго, што будзе адпраўлена на Блізкі Усход. Агульная сума гуманітарнага грузу - амаль 6 мільярдаў рублёў. Выкананне місіі ўскладзена на МНС.

Віталь Навіцкі, прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі: "МНС сумесна з іншымі міністэрствамі і ведамствамі займаецца афармленнем грузу ў Сірыю і Ірак. Сярод гуманітарнага грузу медыкаменты, дзіцячае харчаванне, палаткі, коўдры і дызельныя электрагенератары".

Беларусь ужо не раз аказвала дапамогу пацярпелым рэгіёнам. Раней МНС паспяхова дастаўляла гуманітарны груз у Венесуэлу, Краснадарскі край і Амурскую вобласць Расіі. Апошні раз грузавы самалёт з такой місіяй адпраўляўся ў Сербію. Летась у маі гэтая краіна перажыла найбуйнейшую за апошнія 120 гадоў паводку.