Беларусь можа стаць прыкладам у падрыхтоўцы спецыялістаў па працы c новым пакаленнем

22 сентября 2015

Беларусь можа стаць прыкладам для краін Усходняга партнёрства ў падрыхтоўцы спецыялістаў па працы c новым пакаленнем. Пра гэта сёння ў Мінску на адукацыйным семінары заявіў каардынатар праграмы падтрымкі моладзевай палітыкі рэгіёна Усходняга партнёрства Ханс-Юрген Мет. Наша краіна - адзіная з шасці ўдзельніц праекта, дзе рыхтуюць спецыялістаў такога профілю. Гэтым займаецца Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы.

Ханс-Юрген Мет, каардынатар праекта "Праграма падтрымкі моладзевай палітыкі рэгіёна Усходняга партнёрства": "Толькі ў Рэспубліцы Беларусь прызнана прафесія спецыяліста ў галіне моладзевай працы або працы з моладдзю. І таму вельмі важна нашым партнёрам атрымаць вопыт у галіне тэорыі і практыкі, як ажыццяўляюць тут гэту тэму. Я спадзяюся, што нашы партнёры з іншых краін Усходняга партнёрства атрымліваюць хоць імпульс падумаць, магчыма, такія структуры можна і ў нас ажыццявіць, стварыць. Вядома, з улікам нацыянальных магчымасцяў, фінансавых, культурных, традыцыйных магчымасцяў".

Праграма падтрымкі моладзевай палітыкі рэгіёна Усходняга партнёрства працуе ўжо больш за два гады. Галоўная яе мэта - абмен вопытам у галіне падрыхтоўкі моладзевых кадраў Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Прычым не толькі ва ўніверсітэтах, але і на рабочых месцах.