Беларусь і Расія адзначаюць Дзень яднання

2 апреля 2018

Сёння Беларусь і Расія адзначаюць дзень яднання. Святу ўжо больш за 20 гадоў, і для шматлікіх гэтая дата - сімвал дружбы двух брацкіх народаў, захавання агульнага духоўнага і культурнага адзінства. Пра беларуска-расійскае супрацоўніцтва - сюжэт Дар'і Белавусавай-Пятроўскай.

Сёння ў Расіі жывуць каля 700 тысяч беларусаў. Самыя буйныя дыяспары - Новасібірск, Калінінград, Санкт-Пецярбург і, вядома, Масква. Менавіта ў гэтых гарадах Дзень яднання двух брацкіх народаў адзначаюць найбольш масава і маляўніча. Гэта гандлёвыя кірмашы, святочныя канцэрты і магчымасць абмеркаваць перспектывы беларуска-расійскага супрацоўніцтва.

Сёлета бюджэт Саюзнай дзяржавы склаў амаль 7 мільярдаў рублёў. Амаль палова сродкаў ідзе на распрацоўку новых сумесных праграм. Яны датычацца сферы абароны, аховы здароўя, аўтаэлектронікі і космасу. Напрыклад, праграма ДНК-ідэнтыфікацыі дапаможа следчым камітэтам дзвюх краін раскрываць злачынствы. Праект "Спінальныя сістэмы" створыць новыя метады лячэння дзяцей з дэфектамі пазваночніка. А новыя распрацоўкі ў электроніцы ўдасканаляць вытворчасць аўтамабіляў.

Таксама Беларусь і Расія супрацоўнічаюць у культурнай сферы. Так, сёлета ў Санкт-Пецярбургу пройдуць Дні Мінска. А сёння, у Маскве, у гонар Дня яднання адбудзецца вялікі канцэрт з удзелам майстроў мастацтваў дзвюх краін.