Археалагічны музей пад адкрытым небам пачаў працаваць у Белавежскай пушчы

1 июня 2019

На месцы старажытнай стаянкі аднавілі побыт і культуру беларусаў часоў жалезнага веку. Там узвялі гарадзішча з вартаўнічай вежай, хатамі і рамеснымі пабудовамі. Разам з экскурсаводамі на пляцоўцы працуюць акцёры. Такі комплекс у краіне з'явіўся ўпершыню. Як жылі беларусы 2 тысячы гадоў таму - убачыла Марыя Тройніч. 

За цяжкімі дубовымі варотамі адкрываецца жывая гісторыя. У старажытным пушчанскім гарадзішчы ўсё так, як было 2 тысячы гадоў таму. Рамеснікі прадаюць на вуліцах збаны, у драўляных загонах ходзіць жывёла, а ў хацінах хутка пачнуць рыхтаваць вячэру. 

Акрамя экскурсаводаў, у музеі працуюць акцёры. Прычым у кожнага з іх  свая роля і ўнікальны ўбор.

Каб знаёмства з культурай і побытам нашых продкаў было больш поўным, у музеі працуюць інтэрактыўныя пляцоўкі. Кожны можа адчуць сябе старажытным ганчаром. 2 з паловай тысячы гадоў таму ганчарнага круга ў Беларусі не было, таму посуд ляпілі з такіх стужак, змацаваных між сабой.

Усе пабудовы аднаўлялі па тэхналогіях таго перыяду: у бярвеннях няма ні аднаго цвіка. А каб дрэва праслужыла як мага даўжэй, яго апрацавалі спецыяльнай сумессю, таксама па рэцэпце нашых продкаў. Разам з будаўнікамі на пляцоўцы працавалі спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук. 

Акрамя турыстычнага, музей уяўляе і навуковую цікавасць. Сюды на заняткі зараз будуць прыязджаць школьнікі і студэнты.

У старажытным гарадзішчы няма ніякіх сучасных - іншародных -  прадметаў. Нават сувеніры для турыстаў тут прадаюць аўтэнтычныя. Джозеф Кейсі прыехаў з Нью-Ёрка. Па Брэсцкай вобласці ён падарожнічае са сваім маленькім хрэснікам. 

Паводле слоў спецыялістаў, новы музей -  гэта толькі 5 % ад маштабнага праекта. У будучыні ў запаведніку пабудуюць яшчэ 7 пляцовак, кожная з іх будзе распавядаць пра канкрэтны перыяд. Ужо ў наступным годзе побач з'явіцца яшчэ адно гарадзішча, дзе можна будзе паглядзець, як жылі ў Сярэднія вякі.