Андрэй Хурсевіч з ансамблем "Салавейка" з Чэрвеня стаў удзельнікам шоу "Поле цудаў"

9 августа 2023

Загучаць на мільённую аўдыторыю! Андрэй Хурсевіч з ансамблем "Салавейка" з Чэрвеня стаў удзельнікам шоу "Поле цудаў". Калектыў прэзентаваў песню на роднай мове. Ну а сам ўдзельнік пазнаёміў гледачоў з натуральным мёдам Чэрвеньскага лясгаса і прадукцыяй мясцовых прадпрыемстваў. Як мары становяцца рэальнасцю, ведае Карына Гурэвіч.

Для Андрэя Хурсевіча ўдзел у папулярным тэлешоу - не інакш як цуд! Малады кіраўнік ансамбля "Салавейка" прапанаваў калектыву падаць заяўку - усе падтрымалі і рызыкнулі! А пасля запрашэння гэтак жа дружна адправіліся ў Маскву, дзе ўжо ва ўвесь голас заявілі пра сябе і свой родны Чэрвень.

Пакарылі гледачоў шоу не толькі "салаўінымі" пошчакамі. Ведаюць, песнямі сыты не будзеш - прывезлі кошык пачастункаў і падарункаў! Чарговы раз усіх уразіла шчодрасць беларусаў і непаўторны смак нашых прадуктаў.

Падарожжа атрымалася душэўным і незабыўным. Хоць да фіналу гульні дайсці не пашанцавала, эмоцый і ўражанняў хопіць надоўга. І без таго любімы народны ансамбль стаў яшчэ больш папулярным у родным Чэрвені і наваколлі. А зляцеліся "салавейкі" ў адзін гурт чатыры гады таму. Андрэй сумяшчае кіраўніцтва ў гумарыстычным калектыве "Чэрвеньскія балакі", Міхаіл там адказвае за акампанемент. Надзея спявае ў народнай "Вербніцы", а Ірына - увогуле працуе ў дзіцячым садку.

Зараз калектыў "Салавейка" - пастаянны ўдзельнік абласных фестываляў, а таксама папулярных тэлепраграм. Спявалі ад усёй душы ў Андрэя Малахава, пакаралі і беларускі "Фактар".

Рэпертуар "Салавейкі" плануюць зрабіць больш разнастайным дзякуючы песням уласнага сачынення. І мараць аб удзеле ў новых фестывалях і тэлешоу. І, мяркуючы па настроі калектыву, наперадзе ў іх не адна хвіліна славы.