Александрыя сёлета сабрала 100 тысяч сяброў

6 июля 2014

Ужо стала добрай традыцыяй сустракаць самую загадкавую ноч - купальскую - на маляўнічым беразе Дняпра, які аб'ядноўвае славянскія культуры і народы. Свята Купалля ў Александрыі - заўсёды душэўнае і відовішчнае. А сёлета яшчэ і юбілейнае. Фэст адзначае 5-годдзе. Усе гэтыя гады ў ім бярэ ўдзел і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Тэлеверсію свята сёння ў 22:15 пакажуць тэлеканалы Беларусь 1 і Беларусь 24. З прыдняпроўскай правінцыі - Андрэй Крывашэеў.


Маляўнічыя мясціны паміж Александрыяй і Копыссю, Магілёўшчынай і Віцебшчынай. На беразе Дняпра. Мясцовы жыхар ніколі не скажа: рака дзеліць вёскі і вобласці. Ён скажа: гэтая зямля злучае. Злучае агульнай гісторыяй Кіеўскай Русі, агульным кірмашом (сёлета тры ў адным - Ніжагародскі, Сарочынскі і Александрыйскі) і агульнаславянскім святам. Тут старажытныя абрады і звычаі - агонь, вянкі па Дняпры, варажба на суджанага. Тут сучаснасць - вышэйшы пілатаж магілёўскіх асаў, сцяг, разгорнуты парашутыстам, і музыка ад этнафальклору да оперных партый і прагрэсіўных рытмаў.


Александрыйскае Купалле па праве завуць святам землякоў. Тут збіраюцца дынастыі, раскінутыя па былым Саюзе, сюды едуць прычыніцца да дзяцінства, да малой радзімы. Менавіта такую традыцыю падтрымлівае і самы вядомы зямляк Шклоўшчыны - Прэзідэнт Беларусі.


У гэтыя дні ў дзвюх культурных падзей - Купалля і Славянскага базару - ёсць і яшчэ адна гістарычная місія, упэўнены Прэзідэнт, - дапамагчы склеіць славянскае адзінства, якое трэснула па Украіне, заглушыць і спыніць музамі свіст куль і грукат выбухаў.


Паводле падання, папараць-кветка валодае вялізнай сілай - бачыць будучыню, несці шчасце і росквіт. Хочацца верыць, што знойдзеная ў Беларусі яна прынясе мір, спакой і дастатак усёй славянскай зямлі. Бо тут, у Александрыі, атрымалася і без чароўнай кветкі.


Магічнае прыцягненне александрыйскага Купалля гэта яшчэ і прыцягненне нас, гараджан, да сапраўднай, спрадвечнай вясковай культуры. Да яшчэ дахрысціянскіх таемстваў агню і папараць-кветкі, кавальскага рамяства і пляцення вянкоў. У гэтым прыцягненні, хутчэй за ўсё, і заключанае трапяткое стаўленне беларусаў да свята і першародная захаванасць традыцый. Бо большасць беларусаў - гараджане максімум у другім - трэцім пакаленні, а значыць яшчэ жыве ў нас чараўніцтва Купалля.