Аляксандр Лукашэнка разам з сынамі прыняў удзел у святочнай цырымоніі на плошчы Перамогі

9 мая 2021

Урачыстасці, прымеркаваныя да 76-й мірнай вясны, па ўсёй краіне пачаліся задоўга да 9 Мая. І тлумачэнне таму простае. Цана магчымасці спакойна жыць і працаваць аказалася надта высокай. І сёння ўвесь свет за гэты подзвіг у неаплатным даўгу.

Па традыцыі кульмінацыяй святочных мерапрыемстваў у гэты святы дзень стала плошча Перамогі - сімвал мужнасці і стойкасці народа. І кожны год побач з ветэранамі ў гэтым памятным месцы наш Прэзідэнт. Сёння Аляксандр Лукашэнка разам з сынамі прыняў удзел у цырымоніі.

Гэтая традыцыя ў нашай краіне жыве ўжо многія дзесяцігоддзі - беларусы перадаюць гэту памяць з пакалення ў пакаленне і ўдзячныя героям за наша мірнае жыццё. Цырымонія ўскладання дала старт далейшым урачыстасцям у гонар свята. І гэтым разам, на мой погляд, атрымалася асабліва эмацыянальнай і кранальнай. Зрэшты, глядзіце самі.

Перамогу мы прывыклі сустракаць разам. Таму гэтай раніцай усе дарогі вялі ў цэнтр Мінска. Асаблівыя пачуцці ў гэты дзень нават у тых, каго звычайна цяжка расчуліць. Бо кожную беларускую сям'ю зачапіла ліхалецце Вялікай Айчыннай.

9 мая 1945 над галавой таксама свяціла сонца, успамінае Віктар Кастко Костка. Зусім яшчэ юным хлапчуком даведаўся, што такое вайна. І пра той першы пераможны дзень заўсёды распавядае з асаблівым пачуццём.

Здраднікі былі заўсёды, па-філасофску зазначыць Віктар Фёдаравіч. Але тых, хто тады і сёння гатовы абараняць праўду і радзіму - большасць.

Здаецца, простыя ісціны. Але неяк па-асабліваму яны гучаць ад тых, хто пражыў доўгае жыццё і так шмат бачыў на сваім вяку.

Памятаем, шануем, паважаем. Гэтыя словы і энергію хацелася перадаць кожнаму ветэрану. З кожным годам герояў, на жаль, усё менш. Яны сыходзяць. Але сёння, нягледзячы на шаноўны ўзрост, не скардзяцца на здароўе, трымаюцца. Вытрымка, сіла, мудрасць адчуваецца ў кожным - і ў франтавіках, і ў дзецях вайны. Іх гісторыі - наша памяць. І яна сапраўды жывая.

З года ў год нішто не можа перашкодзіць гэтым урачыстасцям у цэнтры Мінска. Прэзідэнт заўсёды побач. Побач з тымі, хто абараніў для кожнай сям'і права жыць на сваёй зямлі.

У гэты памятны дзень чарада дэлегацый да манумента Перамогі не спынялася. Спікеры парламента і прэм'ер, міністры і людзі ў пагонах, судовы корпус, улады Мінска і сталічнага рэгіёна, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі і прэс-сакратар Прэзідэнта, прадстаўнікі духавенства і кіраўнікі грамадскіх арганізацый, дыпламаты і палітыкі, журналісты і спартсмены. Абыякавых сёння няма.

Подзвіг дзядоў і прадзедаў мы не можам забыць

Аляксандр Лукашэнка пачне сваю прамову (гэта таксама традыцыя) з цёплых слоў абаронцам Айчыны.

Ці маглі героі вайны тады падумаць, што праз 80 гадоў іх дзецям і ўнукам прыйдзецца змагацца за праўду аб Вялікай Перамозе, за права ўшаноўваць у гэты святы дзень воінаў-пераможцаў? Гэтае рытарычнае пытанне задае Прэзідэнт не проста так.

"Праўда будзе жыць", - проста і пранікліва скажа Аляксандр Лукашэнка. У гэты дзень ад Прэзідэнта невыпадкова прагучаць словы аб адзінстве. Вялікая Перамога стала вынікам згуртаванасці і братэрства савецкіх людзей. І сёння для нас быць разам - значыць быць адзінымі і незалежнымі.

Ярка, урачыста, з душой. 9 Мая на плошчы Перамогі заўсёды асаблівая аўра. Не падысці да галоўных герояў дня - да ветэранаў - Прэзідэнт, вядома ж, не мог. У гэтых людзях столькі мужнасці і сіл! На іх варта раўняцца! І загад заўсёды адзін: толькі даўжэй жывіце!

Не дай бог нашым дзецям ведаць гора вайны, не стамляюцца гаварыць тыя, хто прайшоў агонь баталій. Гісторыя кожнага франтавіка годная кнігі. Але парой і без слоў зразумела, што давялося перажыць. Якія б цяжкасці не падкідвала жыццё, іх можна пераадолець толькі разам. З такой падтрымкай гэта будзе сапраўды па сілах у любы час!

І радасна, і горка нам 9 Мая. Перамога грэе душу вось ужо 76 гадоў, але і боль страт не згасае дагэтуль. Такі наш лёс. Пасля ўрачыстай часткі людзі не спяшаліся разыходзіцца. Падзяка і кветкі ветэранам, абдымкі, добрыя словы, а яшчэ абавязкова фота. Гэта таксама наша памяць.

Жыццё мяняецца імкліва, кожны дзень прыносіць мора навін і навацый. Адно нязменнае вось ужо сем з паловай дзесяцігоддзяў: 9 Мая кожны з нас, дзе б ні быў у гэты дзень, дакладна ўспомніць, што мы перамаглі.