Аляксандр Лукашэнка назваў суботнікі тым лепшым з савецкага мінулага, што трэба было прыўнесці ў сучаснасць

21 апреля 2019

Напярэдадні Кіраўнік дзяржавы нароўні з усімі працаваў на тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу "Лінія Сталіна". Тут высадзілі 75 дубоў - колькасць дрэў сімвалічная. Яны будуць расці на месцы размяшчэння асноўнай экспазіцыі экскурсійнага маршруту па дотах Мінскага ўмацавальнага раёна. Таксама недалёка з'явіліся 30 хвой  у гонар 30-годдзя вывядзення кантынгенту савецкіх войскаў з Афганістана. Праца ў камандзе прэзідэнта спорылася, ды і надвор'е ў гэты дзень было ў самы раз для таго, каб папрацаваць на свежым паветры.

Выходзіць усёй краінай гэтымі красавіцкімі днямі на суботнік, працаваць, як было ў нас прынята спрадвеку, талакой,  стала добрай беларускай традыцыяй. Вясна - час абнаўлення. Менавіта ў гэты перыяд штогод усе разам наводзім парадак і займаемся добраўпарадкаваннем.

Беларусы традыцыйна прынялі актыўны ўдзел у рэспубліканскім суботніку. Парадак на зямлі наводзілі прыкладна тры мільёны чалавек. Паводле папярэдніх даных, ужо сабрана больш як 8 з паловай мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы будуць накіраваныя на добраўпарадкаванне летніх аздараўленчых лагераў, населеных пунктаў, прывядзенне ў парадак помнікаў і мемарыялаў, а таксама на капітальны рамонт і рэканструкцыю манумента Перамогі ў Мінску.

Вялікі рэпартаж аб рэспубліканскім суботніку глядзіце ў 9 вечара ў "Галоўным эфіры".