Акцыю “За бяспеку разам” правялі супрацоўнікі МНС

20 мая 2015

Ветэраны, адзінокія пажылыя людзі, шматдзетныя сем’і і нават асацыяльныя элементы на працягу месяца былі пад асаблівым кантролем ратавальнікаў. Акцыю “За бяспеку разам” правялі супрацоўнікі МНС сумесна з іншымі зацікаўленымі службамі. Падчас планавых і пазапланавых рэйдаў спецыялісты праверылі невыкарыстанае жыллё, падвалы, гарышчы і кватэры з нядобрай рэпутацыяй.

Антаніна Станкевіч прадоўжыць.

Дырэктар сталічнага ЖЭСа № 2 сваімі рукамі правярае якасць работы супрацоўнікаў. Новенькія жалезныя рашоткі на вокнах гэтага дома выглядаюць надзейна і трымаюцца добра. Але такая перашкода не можа цалкам спыніць ахвотнікаў трапіць унутр.

Вось і зараз: толькі знайшлі новыя пралазы ў закінуты дом – і брыгыда зваршчыкаў на месцы. Ужо праз гадзіну на вокнах з’явяцца рашоткі. Колькі часу яны правісяць на гэты раз некранутымі – невядома.

Ці ёсць хто? Толькі на першы погляд гэты дом выглядае нежылым. Але жыхары з часовай рэгістрацыяй тут з’яўляюцца з пэўнай рэгулярнасцю, і нярэдка па іх віне здараюцца непрыемнасці. Толькі за мінулы год ратавальнікі сюды выязджалі двойчы.

Пад кантролем у супрацоўнікаў МНС не толькі такія дамы. У звычайнай жылой 9-павярхоўцы таксама могуць з’явіцца нечаканыя госці. Святлана Сабалеўская – спецыяліст пажарнага нагляду – часты госць там, куды звычайныя людзі без пэўнай патрэбы не ходзяць.

У якасці часовага жылля незачыненыя падвалы і гарышчы выбіраюць людзі своеасаблівыя. Тут яны разводзяць кастры ці проста паляць. Зразумела, менш за ўсё іх хвалюе і ўласная бяспека, і бяспека навакольных.

Падчас такіх прафілактычных рэйдаў увагу надаюць не толькі патэнцыяльна небяспечным месцам. На працягу апошняга месяца пад кантролем ратавальнікаў шматдзетныя сем’і, адзінокія пажылыя людзі і ветэраны. Па зразумелых прычынах яны таксама трапляюць у поле зроку супрацоўнікаў МНС.

Заўвагі ратавальнікаў часцей за ўсё бытавыя. Спецыялісты звяртаюць увагу на няправільную эксплуатацыю электрапрыбораў, няспраўную праводку, перагрузку электрасетак і адсутнасць пажарных апавяшчальнікаў.