Акцыя "Беларусь памятае" прайшла ля мемарыяльнага комплексу Смуткуючай маці

3 июля 2019

Па ўсёй краіне працягваецца акцыя "Беларусь памятае". Сёння да яе далучыліся жыхары аграгарадка Верцялішкі. Да мемарыяльнага комплексу Смуткуючай маці прыйшлі вяскоўцы, школьнікі і выхаванцы дзіцячага сада.  

Падчас вайны тут праходзілі жорсткія баі. У 46-м мясцовыя жыхары перапахавалі астанкі савецкіх салдат у братэрскай магіле ў самым цэнтры населенага пункта. 

А ў 80-х агульнымі высілкамі ўзвялі мемарыяльны комплекс. Тут  пахаваныя 190 байцоў. Імёны 85 дагэтуль застаюцца невядомымі. 

Сёння кожны жыхар Верцялішак лічыць сваім доўгам прыйсці і пакланіцца вызваліцелям.

Гражына Талачко, навучэнка Верцялішкаўскай сярэдняй школы: "Я і многія людзі прыйшлі сёння на мемарыял "Смуткуючая маці", для таго каб аддаць даніну павагі тым людзям, якія загінулі за нас, дзякуючы якім мы жывём зараз пад мірным небам, і проста сказаць ім дзякуй".

Марыя Малмыга, старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі Верцялішкаўскай сярэдняй школы: "Дзень, які самы галоўны ва ўсіх жыхароў Беларусі, - Дзень Незалежнасці. І не прыйсці жыхары Верцялішак не маглі. Бо тут помнік, мемарыял Смуткуючай маці. Жанчына, якая страціла сваіх сыноў".

У наваколлях Верцялішак усталяваныя некалькі помнікаў воінам-вызваліцелям.