У суботу ў сталіцы стартуе чэмпіянат свету па хакеі ў першым дывізіёне групы "А"

4 апреля 2016

Мінск-спартыўны рыхтуецца прыняць чарговае міжнароднае свята. У суботу ў сталіцы стартуе чэмпіянат свету па хакеі ў першым дывізіёне групы "А". Праўда, юніёрскі. Але наўрад ці гэта можа паўплываць на градус лядовых баталій - на коне ўсяго адна пуцёўка ў эліту сусветнага хакея. Нароўні з беларусамі за павышэнне ў класе паспрачаюцца яшчэ 5 зборных. "Чыжоўка-Арэна" прыме планетарны форум. Самыя цікавыя факты пра турнір - у рэпартажы Станіслава Ліпскага.

Вось гэты відэаролік, падрыхтаваны федэрацыяй спецыяльна да юніёрскага чэмпіянату свету, своеасаблівае рэха з мінулага для цяперашняга пакалення хакеістаў. Гэтакі заклік да дзеяння, маўляў, зараз ваш час рабіць гісторыю.

Алег Шыбека, начальнік аддзела маркетынгу і сувязяў з грамадскасцю Федэрацыі хакея Беларусі: "Сцэнарый роліка заключаецца ў тым, што маленькі хакеіст, натхнёны вось той знакамітай шайбай Уладзіміра Копаця, які, дарэчы, уваходзіць у склад юніёрскай зборнай Беларусі, пачынае свой шлях у хакеі. Затым, прайшоўшы ўсе этапы, ужо пасталеўшы, у складзе юніёрскай зборнай выходзіць на лёд, каб абараняць гонар нашай краіны".

І, не шкадуючы сябе, аддавацца гульні... Толькі ў гэтым выпадку каманда здольна дасягнуць пастаўленай мэты.

За адзіную пуцёўку ў эліту сусветнага хакея з беларусамі пазмагаюцца нарвежцы, французы, аўстрыйцы прадстаўнікі Казахстана і Германіі. А вось за права правесці юніёрскі чэмпіянат свету па хакеі ў першым дывізіёне групы "А" нароўні з Беларуссю змагалася трэцяя па памеры краіна Еўропы - Францыя. Аднак убачыўшы беларускую заяўку, французы проста адмовіліся ад шанцу правесці турнір у сваёй краіне, растлумачыўшы гэта немагчымасцю стварыць умовы, супастаўныя з беларускімі.

Г.з. разумеючы ўзровень каманд-канкурэнтак, асабліва ў 18-гадовым узросце, федэрацыя зрабіла ўсё, каб хлопцам максімальна спрасціць задачу.

Турнір прыме галоўная пляцоўка "Чыжоўка-Арэны". Арганізацыйныя моманты практычна вырашаны, не сумняваецца ў поспеху спаборніцтваў і адна з дзвюх жанчын у Еўропе, хто працуе на лёдазалівачнай машыне - Алена Гацко.

Зараз справа за балельшчыкамі, уваход на гульні вольны. Пройдзе турнір з 9 па 15 красавіка. У стартавым матчы ў суботу Беларусь згуляе з Казахстанам. Пачатак паядынку ў 19:00.