Актыўна рыхтуюцца да любімага і доўгачаканага свята і ўсе рэгіёны нашай краіны

31 декабря 2015

Да раніцы сёння не заснуць жыхары Віцебска - іх чакае феерычнае шоу на плошчы Перамогі, а ля Галоўнай ёлкі будзе працаваць доўгачаканы каток. Жыхары Гродна гэтай ноччу збяруцца ў самы вялікі навагодні карагод. А Гомель акунецца ў цуды яркіх прадстаўленняў. Як сустракаюць Новы год у розных кутках Беларусі, ведае Вольга Маслоўская.

Парады Дзядоў Марозаў, агні навагодніх ёлак, ранішнікі і мюзіклы. Па колькасці падзей і інфармацыйных прадстаўленняў пераднавагодні тыдзень - лідар календарнага года.

Ля Галоўнай ёлкі Гомеля - аншлаг. Маладыя і крэатыўныя праводзяць Год моладзі.

У адыходзячым годзе актывісты Беларускага саюза моладзі працавалі на будаўніцтве важных аб'ектаў, займаліся добраахвотніцкай дзейнасцю, а арганізаваны імі цягнік "Кветкі Вялікай Перамогі" сустракала ўся Беларусь.

Шмат спраў сёння і ў галоўнага чараўніка. Трэба да новага года паспець абысці дзяржаўныя межы. Некалькі гадзін назад яго бачылі на Брэсцкай мытні.

Дапамагалі сапраўднаму Дзеду Марозу і самі мытнікі. Пераапрануўшыся ў яго касцюм - вадзіцеляў і пасажыраў на беларуска-польскай мяжы сустракалі з падарункамі.

Да Новага года на самым поўдні Беларусі ў Брэсце зацвіла стрэліцыя. Яшчэ кветку называюць каралеўскай, і нагадвае яна райскую птушку.

У Магілёве ж не экзотыкі чакаюць, а сапраўднага снегу да свята. А пакуль яго няма - для аматараў пракаціцца на лыжах або санках з гары ўжо некалькі дзён без перапынку працуюць снежныя гарматы.

А вось для іх - усё самае экзатычнае, яркае і прыгожае. У надыходзячым Годзе Вогненнай Малпы да гэтых звяркоў - асаблівае стаўленне. У Гродзенскім заапарку ў святочным меню - мандарыны, бананы і цукеркі. Увагу да сваёй персоны чырвоная малпа Ромка прымае як належную.

Навагоднія цуды адбываюцца і ў Віцебску. За некалькі гадзін да свята ў абласным радзільным доме Дзед Мароз і Снягурка прыносяць дзяцей на выпіску маладым бацькам. Маленькай Вераніцы ўсяго чатыры дні, а яна ўжо трапіла ў казку. Зараз у цуд у гэтай сям'і паверылі і дарослыя.

Першы ў сваім жыцці Новы год сёння сустрэнуць 13,5 тысяч маленькіх жыхароў Прыдзвіння.

Стрэлкі на віцебскай ратушы адлічваюць апошнія імгненні 2015-га. У горадзе на Дзвіне ёсць традыцыя - ужо праз гадзіну пасля надыходу Новага года гараджане збіраюцца ля Галоўнай ёлкі на плошчы Перамогі і весяляцца да раніцы. А яшчэ гэтай ноччу ў Віцебску пройдзе навагодні аўтапрабег. Далучыцца могуць тыя аўтамабілісты, якія за святочным сталом аддадуць перавагу стакану соку.