Афрыканскую чуму свінней у Беларусь прывезлі разам з няякасным камбікормам

26 июня 2013

Пра гэта сёння журналістам заявіў галоўны ветэрынарны інспектар краіны Юрый Піваварчык. Паводле яго слоў, корм для хатніх жывёлін мог прадавацца прама з машыны ў вёсках нелегальна. Ачаг захворвання ў Іўеўскім раёне - там, дзе і была выяўлена ўспышка віруса, лакалізаваны. Зараз у суседніх раёнах робіцца ўсё магчымае, каб не дапусціць распаўсюджвання хваробы.


Падрабязней - Кацярына Шыбко. Спецыялісты ўжо пачалі праверку, і зараз спрабуюць высветліць, у якіх яшчэ раёнах непадалёку ад Іўеўскага нядобрасумленныя прадпрымальнікі маглі прадаваць няякасны камбікорм. Менавіта таму адна з асноўных рэкамендацый - набываць корм для хатніх жывёлін у спецыялізаваных магазінах. Ачаг захворвання афрыканскай чумой у Іўеўскай раёне - там, дзе і была выяўлена ўспышка, цалкам лакалізаваны. Гэта было першае, пра што сёння яшчэ раз сказаў галоўны ветэрынарны ўрач краіны Юрый Піваварчык журналістам. Шанцаў у віруса няма і ў суседніх раёнах - Стаўбцкоўскім, Навагрудскім, Карэліцкім і Валожынскім - ветэрынары там праводзяць дбайную дэзінфекцыю. Пад кантролем сёння абсалютна ўсе рэгіёны краіны. Сваю дапамогу беларусам ужо прапанавалі калегі з Расіі, Украіны і краін Еўрасаюза.


Паводле слоў экспертаў, як толькі ў хатняй жывёліны з'яўляюцца першыя сімптомы - высокая тэмпература, чырвона-фіялетавыя плямы на вушах альбо канечнасцях - неабходна адразу выклікаць ветэрынара.


Афрыканская чума абсалютна бяспечная для людзей. А вось вылечыць ад яе свінней - нерэальна. Гэты вірус з'явіўся роўна сто гадоў назад у Афрыцы. Пасля быў зафіксаваны ў шматлікіх еўрапейскіх і блізкаўсходніх краінах. За гэты час ні адзін навуковец у свеце яшчэ не прыдумаў ад гэтай хваробы свінней вакцыны.


Антон Ятусевіч, рэктар Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны: Вірус гэты мае выключныя ўласцівасці. Такіх вірусаў з такімі ўласцівасцямі нават няма. Таму вакцыну з гэтага пункту погляду стварыць немагчыма. Вакцыны ствараліся і здавалася вось-вось ёсць эфект, але праходзіць некалькі дзён, і ўласцівасці віруса змяніліся, і вакцына ўжо эфекту не дае.


Ізноў завесці свінней у раёнах, пацярпелых ад афрыканскай чумы, па ўсіх нормах можна будзе толькі праз паўгода. І як паведамілі напярэдадні ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, у гэтым мясцовым жыхарам абавязкова дапамогуць на свінафермах.


Паводле слоў ветэрынарных урачоў, каранцін у некаторых рэгіёнах можа быць зняты ўжо зусім хутка. Галоўнае, каб кожны выконваў усе неабходныя патрабаванні. Беларусам, якія страцілі з-за афрыканскай чумы хатніх свінней, будзе выплачана кампенсацыя. За кілаграм жывой вагі мяса - больш чым 18 тысяч рублёў.