7 узнагарод на прэстыжным спаборніцтве WorldSkills

26 мая 2016

Свае здольнасці ў прафмайстэрстве дэманстравалі вучні каледжаў, ліцэяў і вучылішчаў з Мінскай вобласці. Яны атрымалі 7 узнагарод на прэстыжным спаборніцтве WorldSkills.

Сёлета ўпершыню маштабная вытворчая пляцоўка стала і месцам для спаборніцтваў JuniorSkills. Звыш сотні аматараў робататэхнікі і авіямадэлявання прадэманстравалі свае распрацоўкі. Аляксандра Драгун пазнаёмілася з юнымі талентамі Мінскай вобласці.

Гэтая майстэрня - міні-аэрадром для самалётаў, верталётаў і квадракоптараў. Копіі лятальных машын майструюць аматары авіямадэльнага спорту падчас заняткаў у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Сярод іх Максім Парфяновіч. У будучыні хлопчык марыць ствараць аўтарскія мадэлі самалётаў. А пакуль кіруе маленькімі прататыпамі.

Побач з Максімам яго аднадумца па тэхнічным хобі. У тандэме хлопчыкі ўзялі золата на спаборніцтве JuniorSkills, які на мінулым тыдні прайшоў у Мінску. Ім не было роўных у сваёй узроставай групе ў намінацыі «Тэхналогія беспілотных лятальных апаратаў».

Бадай, самым складаным выпрабаваннем на конкурсе быў палёт з перашкодамі. Юныя пілоты дэманстравалі віртуозныя здольнасці, кіравалі сваімі бартамі, каб тыя чыста праляталі праз кольцы. З дзвюх спроб журы залічвала лепшы вынік. У Барысава два залатыя медалі і столькі ж дыпломаў першай ступені.

Перш чым збіраць з пенапласту і алюмінію мадэлі самалётаў, вучні майструюць іх з паперы. Пасля знаёмяцца з дэталямі міні-копій. А ў палёт экіпаж адпраўляецца пасля заняткаў на гэтым трэнажоры. Трэба бездакорна узляцець, пратрымацца ў паветры і прызямліцца.

Пасля такога трэнінгу каманда «высокага палёту» практыкуецца пад адкрытым небам. Спецыяльны пульт, які служыць штурвалам, прымушае самалёт лунаць у паветры.

За тым, што бачыць «механічны чмель» з вышыні птушынага палёту, можна сачыць праз відэашлем. На дроне ўсталяваная камера, і па радыёканале карцінка перадаецца гледачу. Акуляры – уласная распрацоўка вучняў авіямадэльнага гуртка. Як і гэты квадракоптар, які прынёс перамогу барысаўскай камандзе.