У Гомельскай вобласці намалочана больш чым 800 тысяч тон збожжа

15 августа 2017

Не змяншаюць тэмпаў уборкі ў Гомельскай вобласці. Тут намалочана больш чым 800 тысяч тон збожжа. Прыбрана амаль 80 % плошчаў. 40 камбайнаў з гаспадарак-перадавікоў Гомельскай вобласці сёння адправіліся на дапамогу ў іншыя раёны. Працягваецца і ўборка на палях гаспадаркі "Хутар-Агра" Светлагорскага раёна. Дарэчы, тут пачнуць эксперымент па працаўладкаванні тых, хто вернецца з месцаў пазбаўлення волі, а таксама тых, хто знаходзіцца на рэабілітацыі ў лячэбна-працоўных прафілакторыях. Былых асуджаных у Беларусі плануюць уладкоўваць на працу ў сельгаспрадпрыемствы. Гэта сёння распавёў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. Ён пабываў у гаспадарцы "Хутар-Агра" Светлагорскага раёна. Паводле слоў міністра, да канца года "Хутар-Агра" перавядуць з камунальнай уласнасці райвыканкама ў рэспубліканскае падначаленне Дэпартаменту выканання пакаранняў. Калі эксперымент будзе ўдалым, то дадзены вопыт распаўсюдзяць на ўсе тэрытарыяльныя ўпраўленні ўнутраных спраў - акрамя Мінска.

Ігар Шуневіч, Міністр унутраных спраў Беларусі: "Гэта будзе, натуральна, стварэнне ўмоў для іх нармальнага жыцця, для таго, каб яны мелі жыллё, працу, заработную плату, забяспечвалі свае сем'і. Калі ў гэтым ёсць неабходнасць, гасілі іскі дзяржаве, ну і ўрэшце вярталіся да нармальнага жыцця".

Зараз у Беларусі распрацоўваецца адпаведны закон аб сацыяльнай рэабілітацыі былых асуджаных у сельгаспрадпрыемствах.