5 гімназій сталіцы выкладаюць кітайскую мову

31 января 2015

Іерогліфы, кітайскія кнігі і ўсходняя культура. З 2006 да 2014 у сталіцы з’явілася пяць гімназій і школ, дзе кітайская мова вывучаецца на ўзроўні з англійскай. Колькасць ахвочых размаўляць па-кітайску расце ў сталіцы з кожным годам. Наша здымачная група завітала на ўрок кітайскай мовы ў беларускую школу.

Расказвае Юлія Плытнік.

Дзевяцікласніца Касандра Шахаб з Мінска кітайскую мову ведае амаль як родную. Культура, гісторыя, традыцыі Паднябеснай цікавяць яе з ранняга дзяцінства. Беларуска з іранскімі каранямі прызнаецца: яе часта нават блытаюць з кітаянкай. Вывучэнне мудрагелістых іерогліфаў захапіла дзяўчыну. У якасці замежнай мовы менавіта кітайскую Касандра абрала яшчэ ў першым класе.

У класе Касандра - адна з лепшых. Зрэшты, як і ў горадзе. Дзяўчына заняла першае месца на алімпіядзе па кітайскай мове. Зараз рыхтуецца да рэспубліканскага этапу, які пройдзе ў сакавіку. Вывучэнне кітайскай мовы лічыць перспектыўнай інвестыцыяй.

Вольга Шахаб, мама Касандры, адразу падтрымала дачку. Яе таксама заўсёды вабіла моўная адметнасць Краіны ўзыходзячага сонца.

Адна з галоўных перамог Касандры – у конкурсе “Мост кітайскай мовы”. ШэсцьдзясЯт дзве краіны, сто дваццаць чатыры ўдзельнікі. Беларусь ўпершыню выйшла ў фінал прэстыжнага міжнароднага спаборніцтва сярод знаўцаў кітайскай мовы і культуры. Лінгвістычны конкурс праходзіў у Кітаі.

Каротка пра сябе па-кітайску, песня або танец - за пяць хвілін трэба было ўразіць інтэрнэт-карыстальнікаў. Касандра паказала, што яна не проста ведае кітайскую культуру. Расказала на чужой мове і пра сваю.

Дзяўчына паспяхова прайшла чатыры туры – моўны, спартыўны, лінгвістычны і культуралагічны. Як вынік - амаль 60 тысяч галасоў з усяго свету ў інтэрнэт-галасаванні.

З сабой дзяўчына прывезла не толькі яркія эмоцыі ад знаёмства з новай краінай. Атрыманая статуэтка - вынік скрупулёзнай падрыхтоўкі. Нездарма ж кітайская мова лічыцца адной з самых складаных у вывучэнні.

Каб вывучыць кітайскую мову спатрэбіцца два гады, але некаторыя выразы можна сказаць і без падрыхтоўкі.