20-тысячная калона гамяльчан прайшла па галоўнай магістралі да Вечнага агню

3 июля 2019

У Гомелі 15-гадзінную праграму свята сёння адкрыла ўрачыстае шэсце. 20-тысячная калона гамяльчан прайшла па галоўнай магістралі да Вечнага агню. Тут жыхары горада ўсклалі кветкі да братэрскай магілы савецкіх воінаў і падпольшчыкаў.

На Гомельскі вакзал тым часам прыбыў "Цягнік Перамогі". Апладысментамі на пероне яго сустракалі, як і ў тыя далёкія саракавыя. У тэатральнай пастаноўцы ўдзельнічалі рэканструктары з Беларусі і Расіі. 

Ажыла ў Гомелі і яшчэ адна старонка гісторыі: на плошчы Перамогі адкрылі памятны знак братам Лізюковым, загінуўшым на фронце. Двое з іх сталі Героямі Савецкага Саюза. Кампазіцыю гамяльчане ўжо назвалі сімвалічнай данінай павагі ўсім героям, якіх не дачакаліся з фронту родныя і блізкія. 

Эпіцэнтр гулянняў разгарнуўся на галоўнай плошчы Гомеля. Тут - парад ваеннай тэхнікі, якая прымала ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. Побач можна было пазнаёміцца і з сучаснымі ўзорамі стралковага ўзбраення. А насупраць - на найбуйнейшай канцэртнай пляцоўцы - выступілі лепшыя творчыя калектывы рэгіёна.